Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні

Баб-. Аснова, ад якой, магчыма, утвораны назвы розных круглых і тоўстых прадметаў (гл. баба і бабка). Паходжанне асновы дакладна невядомае. Шмат якія даследчыкі лічаць, што bab‑ тая ж аснова, што і ў baba ’жанчына’, і ўжываецца метафарычна (’жанчына’ → ’круглы прадмет’). Параўн. асабліва Шулан, SSlav., 5, 153–165. Іншыя думаюць, што для абазначэння круглых прадметаў служыла асобай прасл. аснова bab‑ (|bob‑|bǫb‑). Гэту ідэю выказвае Попавіч, ЈФ, 19, 159–171 (параўн. яшчэ Мяркулава, Очерки, 36–37).

Ба́ба1 ’старая жанчына; бабка, бабуля; павітуха; жанчына наогул’. Рус., укр. ба́ба, польск. baba, чэш. baba, bába, балг. бáба, серб.-харв. ба̏ба і г. д. Прасл. baba. Параўн. літ. bóba ’старая’, лат. bãba, с.-в.-ням. bābe, bōbe ’старая’, buobe ’хлопчык’, італ. babbo ’бацька’ і г. д. Мабыць, усе гэтыя словы па паходжанню з дзіцячай мовы. Гл. Праабражэнскі, 1, 10; Бернекер, 36; Траўтман, 23; Фасмер, 1, 99; Фрэнкель, 52; Махэк₂, 39–40; БЕР, 1, 22–23. Параўн. таксама Мейе, Études, II, 247. Некалькі інакш Бадуэн дэ Куртэнэ, Szkice, I, 435 і наст. Да фаналогіі падобных тэрмінаў дзіцячай мовы гл. Якабсон, Writings, I, 538–544. Неверагодна Траймер, які лічыць baba словам каўказскага паходжання (аб гэтым гл. Фасмер, ZfslPh, 26, 60). Відаць, прасл. baba ’бабуля’ замяніла больш старое (з і.-е. сувязямі) прасл. ova ’тс’ (параўн. в.-луж. wowka). Гл. Шустэр–Шэўц, Сл. фил. Отгов., I, 67; ZfSl, 6, 574. Амаль усе лічаць, што ад baba, babъka метафарай утвораныя назвы розных прадметаў (гл. Шулан, SSlav., 5, 153–165; падрабязней гл. ніжэй пры паасобных словах). Але гэта не бясспрэчна (так Попавіч, ЈФ, 19, 159–171, рэканструюе самастойную аснову bab‑|bob‑|bǫb‑).

Ба́ба2 ’прылада, цурбан для забівання свай у зямлю’ (Нас., Касп., Бяльк., Гарэц., Інстр. I). Відавочна, старая метафара баба1 (гл.): назвы для цяжкіх і тоўстых прадметаў часта ўтвараюцца ад гэтага слова. Падрабязна гл. Шулан, SSlav., 5, 153–165. Параўн. і рус. ба́ба, укр. ба́ба, польск. baba ’калода, цурбан для забівання свай’. Гл. яшчэ Брукнер, 9; Шанскі, 1, Б, 4.

Ба́ба3 ’саха, развіліна калодзежнага жураўля’ (Тарн., ДАБМ, 808, Сцяшк. МГ, Сцяшк., Сцяц.). Відавочна, старая метафара да баба1 (гл.). Аб матывацыі называння гл. Шулан, SSlav., 5, 153–165. Рус. ба́ба ’тс’.

Ба́ба4 ’назва ежы’ (Бесар.), ’бабка, яда, прыгатаваная з дранай бульбы’ (Бяльк.). Рус. ба́ба ’від куліча’, укр. ба́ба ’від печыва’, польск. baba, чэш. bába. Слова не вельмі яснага паходжання. Відаць, ва ўсх.-слав. мовах гэта паланізм (гл. Шанскі, 1, Б, 4). У зах.-слав. мовах яго паходжанне таксама няяснае. Некаторыя лічаць, што гэта метафара да баба1 (Брукнер, 9), параўн. Шулан, SSlav., 5, 153–165. Па версіі Махэка₂, 40, слав. слова запазычана з ням. Babe, Bäbe (з гэтым пагаджаецца Шанскі, 1, Б, 4), але Крэчмер, Wortgeögr., 353, Пауль, Wörterb., 65 і іншыя (гл. Махэк₂, 40) выводзяць ням. слова з слав. моў. З іншага боку, Попавіч (ЈФ, 19, 159–171, гл. асабліва стар. 168) хоча бачыць тут аснову bab‑ (гл. баб-), не звязаную з baba ’жанчына’.

Ба́ба5 ’нарыхтаваная гліна, шчыльна збітая ў горку прамавугольнай формы’ (Вярэн.). Параўн. і ўкр. ба́ба ’вялікі шарападобны камяк ганчарнай гліны’. Мусіць, метафара да ба́ба1 (гл.). Аб матывацыі гл. Шулан, SSlav., 153–165.

Ба́ба6 ’гатунак грушы; бэра’ (Сцяц.). Параўн. укр. ба́ба, польск. baby ’гатунак грушы’. Як і многія падобныя назвы, ад баба1 (гл.) па знешняму падабенству грушы да тоўстай жанчыны. Але параўн. і магчымасць паходжання ад прасл. асновы bab‑ (гл. пад ба́ба1).

Ба́ба7 ’расліна адуванчык Taraxacum officinale’ (палес., КЭС). Параўн. таксама яе іншыя назвы ва ўкр. мове: бабакуль, кульбаба, бабка, бабки (Макавецкі, Sł. botan., 366), серб.-харв. баба марта (Сіманавіч, 461). Аб матывацыі назвы можна толькі здагадвацца. Хутчэй за ўсё меліся на ўвазе лячэбныя ўласцівасці расліны (у сувязі з «бабамі-знахаркамі»; падрабязней гл. ба́бка ’трыпутнік’). Не выключаецца, што назва адлюстроўвае шарападобны выгляд расліны пасля цвіцення. Ва ўсякім выпадку сувязь з ба́ба ’жанчына, баба’ бясспрэчная. Параўн. і ням. назвы для Taraxacum off.: Alte Weiberteu, Großmutter Nachtfunzla (Марцэль, Pflanzennam., 5 (2), 178, 5 (4), 611). Гл. Краўчук, БЛ, 1974, 6; 65.

Ба́ба8 ’дрыгва, багністае месца на балоце’ (палес., КЭС). Цёмнае слова. Можна толькі выказаць некалькі думак. Магчыма, ад ба́ба ’старая жанчына’. Параўн. укр. дыял. ба́бка (або ста́рка) ’плеўка на малацэ’. Гэта значыць, баба першапачаткова азначала такое месца на балоце, якое было прыкрыта «плеўкай» (травой і г. д.), але было вельмі небяспечнае. Другая магчымасць: можа ёсць сувязь з укр. дыял. ба́бло ’балота, дрыгва’ (форма ба́бло магла ўспрымацца як павелічальная, і з яе ўзнікла баба), гл. Краўчук, БЛ, 1974 (6), 66. Іначай Талстой, Геогр., 186, які зыходзіць са значэння ’бугарок’ і параўноўвае баба ’дрыгва’ з укр. ба́ба ’гурба снегу’.

Ба́ба9 ’птушка-баба, няясыць’ (Нас., Бяльк.). Параўн. рус., укр. ба́ба ’пелікан’ (у іншых славян таксама сустракаецца ў назвах птушак, напр., польск. baba ’сойка’). Ад ба́ба1 ’жанчына, бабуля’ (па знешняму выгляду птушкі, якая вельмі падобная на старую бабку, гл. Флінт, Птицы, табл. 12).

Ба́ба10 (каменная баба; археалагічны помнік). Рус. ба́ба, укр. ба́ба, польск. baba і г. д. ’тс’. Мабыць, да ба́ба1 (па знешняму падабенству). Брукнер, 9; Фасмер, 1, 99–100. Параўн. таксама Шанскі, 1, Б, 4–5. Іншыя думаюць (гл. Фрыдрых, Зб. Буазаку, I, 383), што гэта запазычанне з цюркскіх моў (цюрк. baba ’статуя’ < baba ’бацька’).

Баба́ ’нятоўстая і невялікая калода, на якую кладуць бервяно на санях; прылада для забівання паляў’ (Шат.), ’саха ў студні з жураўлём’ (ДАБМ, 808). Наўрад ці ёсць сувязь з укр. дыял. (бесараб.) баба́ ’слуп’ (< рум. babá ’бітэнг; слуп, паля’ < тур.). Хутчэй за ўсё націск на апошнім складзе развіўся пад уплывам марфалагічных фактараў (магчыма, на аснове формы мн. ліку тыпу бабы́) і, магчыма, для семантычнай дыферэнцыяцыі. Параўн. у тым жа раёне ба́ба, ба́бы ’тс’ (ДАБМ, 808).

Ба́ба-рыба ’падкаменшчык’ (Інстр. II). Так і ў іншых мовах: рус. ба́ба ’Cottus gabio’, укр. ба́ба, бабе́ць, польск. baba і г. д. Шмат якія галавастыя рыбы маюць назву ад асновы баб-: або звязаную з ба́ба1 (гл.), або ж іншага паходжання (Безлай, Posk. zv., 8, лічыць, што bab‑ у назвах рыб вельмі старажытная аснова, якая выпадкова супала з baba ’жанчына’).

Бабаду́р ’куралеснік, які спакушае жанчын сваімі размовамі’ (Нас.). Укр. бабоду́р ’залётнік, лавелас’. Складанае слова: першая частка да баба ’жанчына’, другая дуры́ць або дурэ́ць. Цікава, што семантычна ідэнтычнае ўтварэнне ёсць і ў ням. мове: Weibernarr ’лавелас’ (< Weib ’жанчына’, Narr ’дурань’).

Бабайкі́ ’вёслы’ (калінк., Цыхун, вусн. паведамл.). Рус. дыял. баба́йка, укр. баба́йка. Этымалогія слова няясная; параўноўваюць з рус. баба́шка ’паплавок на вудачцы’ (ад баба дошка’); так Праабражэнскі, 1, 10; Фасмер, 1, 100; Рудніцкі, 46. Здаецца, аднак, што гэта днястроўска-дунайска-чарнаморскі тэрмін, які ўзнік у румынска-ўкраінскім асяроддзі, а адтуль (у якасці рачнога тэрміна) быў запазычаны ў рус. і бел. мовы (меркаванні аб гэтым — Краўчук, ВЯ, 1968, № 4, 124).

Ба́бак ’ахапак ільну, вынесенага з сушні за адзін раз для апрацоўкі’ (Мат. АС, Шкл.), ба́бык, аба́бак ’малая ўкладка снапоў на полі’ (ДАБМ, 877). Мабыць, таго ж паходжання, што і аба́бак (гл.) ’мэндлік’. Але гэта не зусім яснае ўтварэнне. Хутчэй за ўсё назва аба́бак ’мэндлік’ была перанесена на ’ахапак ільну’ (а аба́бак ’мэндлік’, мабыць, аддзеяслоўнае ўтварэнне: абабіцца ’стаць падобным да бабы’, параўн. ба́ба ў значэнні ’круглыя, вялікія прадметы’; да марфалогіі параўн. Мяркулава, Очерки, 176–177).

Бабак, бабака ’дурань, безгаловы’ (Інстр. лекс.). Напэўна, метафарычнае ўжыванне слова бабак ’байбак, бабак’. Параўн. рус. байба́к ’байбак, непаваротлівы, лянівы і дурны чалавек’.

Баба́хаць, баба́х! Утварэнні, вядомыя ў многіх слав. мовах. Параўн. рус. баба́х, баба́хать, укр. баба́х, баба́хати, польск. babach. Гукапераймальнае ўтварэнне з рэдуплікацыяй (параўн. бах!, бахаць). Гл. Шанскі, 1, Б, 5.

Бабачка ’матыль’ (Інстр. II). Рус. ба́бочка, укр. (бойк.) ба́бочка ’тс’. Памяншальная форма ад ба́бка (гл.), якая абазначала і розных насякомых. У аснове называння ляжыць уяўленне, што душа памершага (продка, бабулі) працягвае сваё існаванне ў выглядзе матыля. Як семантычную паралель параўн. рус. дыял. ду́шачка ’матыль’ (ад душа́), новагрэч. ψυχάρι ’матыль’ (< ψυχή ’душа’), лац. animula, animulus ’начны матыль’ (< anima ’душа’). Патабня, К истории, 4, 78; РФВ, 7, 69; Праабражэнскі, 1, 10; Фасмер, 1, 100. Але Махэк (Studie, 118 і наст.) лічыць, што справа ідзе аб уяўленні пра «бабу-чарадзейку» (з гэтым згаджаецца Важны, O jménech, 86, гл. таксама Лапацін, Этимология, 1963, 288, дзе прыводзяцца новыя семантычныя аргументы). Не пераконвае Ёль, Elern., 99 (слав. baba ’матыль’ — гэта народнаэтымалагічнае пераўтварэнне першапачатковай элементарнай «вобразнай» асновы тыпу pepe‑, якая маецца ў розных мовах; крытыку гл. Важны, O jménech, 86).

Бабек польны ’расліна Oenothera biennis L., асліннік двухгадовы’ (Кіс.). Паходжанне назвы няяснае. Магчыма, запазычанне. Але не выключаецца сувязь з баб- ’круглы прадмет’ (гл.): кветкі цэлы дзень закрытыя і нагадваюць бутоны (параўн. Махэк, Jména rostl., 150).

Ба́бець ’маршчыніцца, карабаціцца (пра грушы, бульбу)’ (Сцяц.), ба́біцца ’старыцца, маршчыніцца (пра твар)’ (Гарэц.). Вытворнае ад ба́ба1 (гл.). Параўн. таксама бабчыцца (< бабка). Параўн. укр. бабі́ти ’зморшчвацца’, чэш. babčeti ’зморшчвацца (пра яблыкі)’. Попавіч (ЈФ, 19, 168) бачыць тут утварэнне ад прасл. bab‑ (bob‑|bob‑; гл. пад баб-).