Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Бада́й. Гл. багда́й.

Бада́к ’асот; вазон — сталетнік’ (Сцяц.). Ад *бодак да *bod‑ ’калоць’. Параўн. бадзяк і ўкр. назвы для асота (Cirsium arvense): бодак, бодяк, будяк і г. д. Гл. Мяркулава, Очерки, 94–95.

Бадан ’расліна Bergenia Moench., бада́н’ (Кіс.). Рус. бада́н. Бясспрэчна, запазычанне. Даль пад бада́н прыводзіць Saxifraga crassifolia і Dictamnus Fraxinella. Сапраўды, ва ўкр. мове Dictamnus называецца бадьян. Паводле Даля, бада́н — гэта скажонае бадьян. Да сямейства Saxifragaceae адносяцца між іншым Saxifraga, Bergenia. Магчыма, што адбыўся перанос назвы з адной расліны (бадьян) на іншыя (бо ўсе яны лячэбныя).

Бада́ць1, бадану́ць (Нас.), бадлі́вы (Шат.), баду́н ’бадлівы’ (Нас.), бадзючы ’калючы; бадлівы’ (Нас., Касп.), басці, баду́ (Шат., БРС, КЭС, лаг.), басці́ся (Касп., Яруш.). Рус. бода́ть (ст.-рус. бости), укр. бости́, польск. bóść, bodać, чэш. bůsti, bodati, ст.-слав. бости, балг. бода́, серб.-харв. бо̀сти, ба́дати. Прасл. bosti, bodǫ і ітэратыў bodati, badati (bosti адлюстроўваецца ў бел. мове ў басці́, баду́, гл. Гарэц., Др.-Падб.). Параўноўваюць з літ. bèsti, bedù, лат. badīt, badu ’рыць, капаць’, лац. fodio ’капаю, рыю’, літ. badýti, badaũ ’калю’. І.‑е. *bhed‑: *bhod‑. Бернекер, 66; Траўтман, 29; Фасмер, 1, 183; Фрэнкель, 41.

Бада́ць2 ’дапытвацца, дамагацца’ (Сцяшк.), ’меркаваць, разважаць; дамагацца, дапытвацца, вывучаць, даследаваць’ (Інстр. лекс.). Ст.-бел. бадати ’вывучаць’ (Гіст. лекс., 96; Булыка, Запазыч.; параўн. Бярында, 20, 50, 51). Ст.-укр. бадатися дапытвацца, дашуквацца’. Запазычанне з польск. badać ’тс’ (гл. Цімчанка, 49; Жураўскі, Гіст. лекс., 196). Паходжанне польск. дзеяслова няяснае: 1) з *ob‑ada‑ti да і.-е. *od‑ ’нюхаць’, Бернекер, 24; Ваян, RÉS, 19, 300; Махэк₂, 41; параўн. таксама Развадоўскі, RS, 1, 254; 2) ітэратыў да прасл. *bosti ’калоць’, Брукнер, 10; Слаўскі, 1, 25; асабліва Слаўскі, RS, 23 (1), 153. Неверагодна Штрэкель, AfslPh, 12, 452: < італ. badare звяртаць увагу’. Аддзеяслоўнае бада́нне ’разважанне; угадванне’ (Нас.) таксама з польск. badanie, гл. Кюнэ, Poln., 42.

Бадзе́йка ’маленькая ражка’ (Касп.). Рус. бадья́, укр. баддя́, бадя́. Запазычанне з цюрк. моў (параўн. каз.-тат. badia, badiä, тур. badya ’вялікая пасудзіна для вады; карыта’ < перс. bādye). Бернекер, 37; Локач, 14; Фасмер, 1, 104.

Бадзёры (БРС). Беларускае пераўтварэнне слав. bъdrь. Гэта форма пранікла і ва ўкр. мову (бадьо́рий). Гл. Булахоўскі, Питання, 165 (але Ляпуноў, НЗбЛен., III, 1–2, крыніцай укр. слова лічыць паўд.-рус. гаворкі). Параўн. яшчэ бел. бо́дзер ’храбры, бойкі’ (Нас.).

Бадзі́ла ’рог каровы; той, хто бадаецца’ (Касп.). Беларускае ўтварэнне суфіксам *‑(i)dlo (што служыў для ўтварэння nom. instrumenti ў слав. мовах) ад дзеяслова бада́ць, басці́ (праўда, трэба было б чакаць *бадала < *boda‑dlo). Магчыма, такога ж паходжання і балг. боди́ло ’назва расліны’ (калі не з *bodylь).

Бадзісто́ўка ’хустачка з батысту’ (Жд.), бадзі́ставы ’батыставы’ (Шат.). З бацісто́ўка, баці́ставы (гл. баты́ст) з дыялектным азванчэннем інтэрвакальнага ‑ц‑ > ‑дз‑.

Бадзыго́н1 ’ежа з дранай бульбы, запечанай у чыгуне’ (Вешт.). Параўн. укр. (валын.) бадзьоні ’тс’ (Казачук, Бел.-укр. ізал., 32), бадзі ’від ежы з дранай бульбы, мукі, алею або сала, якая запякаецца і падаецца цёплай’ (Яварніцкі, Словник). Слова няяснае. Магчыма, запазычанне (адкуль?). Параўн. укр. бандз ’бульба’, будз ’высушаны тварог’, бундз ’авечы тварог; вялікі кусок авечага сыру’ (якое, відаць, мае рум. сувязі; да рум. слова bulz ’кусок мамалыгі з брынзай’, параўн. Губшмід, Schläuche, 25–27).

Бадзыго́н2 ’штосьці грувасткае, вялізнае’ (Клім.). Можна меркаваць, што гэта метафарычнае ўжыванне бадзыго́н1 (гл.): ’ежа, бабка, запечаная ў чыгуне (ежа няпэўнай формы, вялікая бабка)’ → ’штосьці няпэўнае, вялікае’ (параўн. розныя значэнні слоў ба́ба, ба́бка, якія азначаюць і ’ежу з бульбы’).

Бадзюлі ’расліна Carduus crispus L., чартапалох кучаравы’ (Кіс.). Бясспрэчна, утварэнне ад *bod‑ ’калоць’ (гл. бада́ць) з суфіксам *‑ulʼa, але ў бел. яшчэ экспрэсіўнае памякчэнне (*bodulʼa > бадзюля). Параўн. іншыя назвы чартапалоху: будзяк, калючка і г. д. Параўн. таксама (з іншым суфіксам) бадзю́ка ’бадлівая скаціна; калючая галоўка ў расліны’ (Нас.).