Башка́ (бышка́) ’галава’ (Бяльк.). Укр. ба́шка (адкуль такі націск?), рус. башка́. Запазычанне з цюрк. baš ’галава’. Праабражэнскі, 1, 20; Фасмер, 1, 139 (там і літ-pa); падрабязна Шанскі, 1, Б, 62–63. Зыходзячы з геаграфіі слова, можна думаць пра пасрэдніцтва рус. мовы.
Ба́шка ’авечка’ (Касп.), ба́ша‑ба́ша‑ба́ша, ба́ше‑ба́ше‑ба́ше ’падзыўныя словы для авечак’ (ДАБМ, 896), таксама бась-бась-бась (Сцяшк. МГ). Рус. дыял. ба́ша ’авечка, ягня’, баш, ба́ша ’падзыўное слова для авечак’. Паводле Фасмера, 1, 138, памяншальная форма ад бара́н. Падзыўное слова тлумачыцца як другаснае па паходжанню (гл. Трубачоў, Происх., 76).
Башлы́к ’башлык; тое, што надзяваюць на галаву паверх шапкі’ (БРС, Сцяшк. МГ, Сакал., Інстр. I, Сцяц. Нар., Шат.). Рус. башлы́к, укр. башли́к (з XVIII ст.). Запазычанне з цюрк. моў (параўн. цюрк. bašlyk, да baš ’галава’), Фасмер, 1, 139. Некаторыя новыя дэталі дадае Шанскі, 1, Б, 63.
Башма́к 1 ’чаравік’ (Шат., Касп., Сакал.). Рус. башма́к, укр. башма́к. Запазычанне з цюрк. моў (тур., чагат. bašmak). Міклашыч, 8, 415; Бернекер, 45; Фасмер, 1, 139, параўн. яшчэ Заянчкоўскі, Stud. orient., 37; Рудніцкі, 92; Шанскі, 1, Б, 63–64.
Башма́к 2 (тэхн.) (БРС). Укр. башма́к ’тс’. Запазычанне з рус. башма́к ’тс’ (а гэта да башма́к ’чаравік’ < цюрк., гл. вышэй). Рус. башма́к як тэхнічны тэрмін — калька з зах.-еўрап. моў (параўн., напр., ням. Schuh ’чаравік; башмак’).
Башня ’чатырохвугольны стог пад страхой’ (ДАБМ, 879). Укр. башня (у XVII ст.) ’вежа’. Запазычанне з рус. ба́шня ’вежа’, якое з’явілася ў XVI ст. як пераафармленне старога башта (гл.). Да рус. слова параўн. Фасмер, 1, 139; Шанскі, 1, Б, 64. Параўн. бакшта і башта.
Башта ’гаўптвахта, турма; вежа’ (Нас.); у ст.-бел. з XV ст. (Булыка, Запазыч.; Нас. гіст.; Гіст. лекс., 115). Рус. (XVI ст.) башта, укр. ба́шта (з XVI ст.). Запазычанне з зах.-слав. моў: польск. baszta, чэш. bašta < італ. bastia. Бернекер, 45; Брукнер, 18; Фасмер, 1, 139; Шанскі, 1, Б, 64; Махэк₂, 47–48; Рыхардт, Poln., 33; Рудніцкі, 92. Да еўрапейскіх форм гл. яшчэ MESz, 1, 256 (венг. bástya, там і літ-pa); Клюге, 55. Гіст. лекс., 115, і Булыка, Запазыч., 39, тлумачаць гэта слова як германскае па паходжанню. Першакрыніцай запазычання ням. Bastéi (!) з фанетычных меркаванняў ва ўсякім выпадку быць не можа.
Башта́ ’агарод у полі’. Гл. башта́н.
Башта́н ’агарод у полі’ (Яшкін), ’калгасны агарод’ (Лысенка, ССП). Рус. башта́н ’бахча’ (< укр.), укр. башта́н ’тс’. З тур.-перс. bostan ’агарод’. Бернекер, 77; Фасмер, 1, 139. Параўн. Шанскі, 1, Б, 64; Рудніцкі, 92. Форма башта́ ’бахча’ (Яшкін) узнікла кантамінацыяй слоў башта́н і бахча́.
Башыбузу́к. Укр. башибузу́к. Запазычанне з рус. башибузу́к (раней ’салдат нерэгулярнага турэцкага войска’) < тур. başibozuk ’атрады нерэгулярнага войска’ (baş ’галава’, bozuk, buzuk ’шалёны, сапсаваны’). Адносна рус. слова гл. Фасмер, 1, 138; Шанскі, 1, Б, 62.