Ба́ер ’сажалка, ставок, рыбнік’ (Нас., Яшкін). Запазычанне з польск. дыял. bajor ’тс’ (таксама bajoro, bajura і да т. п.), паходжанне якога вельмі спрэчнае (або з ням. Weiher ’тс’, або з *banior да прасл. *banʼa, гл. Слаўскі, 1, 26).
Бае́ц. Рус. бое́ц, укр. боє́ць. Ёсць і ў іншых слав. мовах. Nom. agentis з суфіксам *‑ьcь ад слав. *bojь ’бой, барацьба’ (аблаутная форма да *biti *bьjǫ). Гл. Бернекер, 68. Іначай, але непераканаўча Шанскі, 1, Б, 152: ад бои ’баец, воін’ (тады бае́ц было б памяншальнай формай!). Таго ж паходжання і бае́ц ’бітка’ (Нас.).