Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Бак ’пасудзіна’ (БРС). Рус. бак, укр. бак. Паводле Фасмера, 1, 108, запазычанне з герм. моў (параўн. гал. bak ’рэзервуар, таз, балея’, ням. Back ’глыбокая драўляная міска для матроскага стала’, англ. back ’пасудзіна, чан’). Параўн. Клюге, 43. Шанскі, 1, Б, 13, спасылаючыся на Ушакова, хоча бачыць тут запазычанне з франц. bac. Больш пераконвае тлумачэнне Фасмера, таму што рус. слова мела значэнне і марскога і ваеннага тэрмінаў.

Ба́ка ’бакенбарда’ (БРС, КЭС). Рус. ба́ки (мн.), укр. ба́ка ’тс’. Слова ўзнікла скарачэннем з бакенба́рды ’тс’. Гл. Праабражэнскі, 1, 12; Фасмер, 1, 110.

Бакай ’рачная пратока; глыбокае месца ў рацэ; яма ў балоце’ (Інстр. лекс.). Рус. дыял. бака́й ’ручай’, укр. бака́й ’глыбокая яма ў рацэ, сажалцы; выбоіна (з вадой) на дарозе’ (ці сюды ж укр. бакаль ’возера’?). Слова няяснага паходжання. Магчыма, запазычанне з усх. моў. Параўн. Фасмер, 1, 109; Юркоўскі, SOr., 13, 69. Не пераконвае прыняцце роднаснасці з гальск. beccus ’заглыбленне, упадзіна’ (так Гараеў, 9) або параўнанне (Сабалеўскі, Slavia, 5, 441) з бак. Рудніцкі (57) прапануе вывядзенне ад бак ’рэзервуар’. Наўрад ці гэта так (супраць Юркоўскі, там жа). Не пераконвае таксама версія пра запазычанне з італ. bocca ’рот, вусце, заліў і т. п.’

Бака́л (БРС). Рус. бока́л, укр. бока́л. Запазычанне з раманскіх моў. Параўн. франц. bocal, італ. boccale. Гл. Праабражэнскі, 1, 34; Брукнер, 35; параўн. яшчэ Клюге, 557; Шанскі, 1, Б, 153; Гютль–Ворт, For. Words, 63.

Ба́кала ’разява’ (Нас.). Паводле Нас., ад ба́чыць ’глядзець’. Няпэўна.

Бакала́ўр. Гл. бакаля́р.

Бакале́я (БРС). Рус. бакале́я, укр. бакалі́я (з XVIII ст.), бака́лія, бака́ла. Першапачатковае значэнне было ’сушаныя паўднёвыя фрукты і да т. п.’ Запазычанне з тур.-араб. baḳḳāl ’гандляр харчовымі прадуктамі, дробным таварам’. Цімчанка, 51; Локач, 16; Фасмер, 1, 109. Зыходзячы з укр. націску, можна думаць пра пасрэдніцтва польскай мовы (наўрад ці прамое запазычанне з тур.-араб., параўн. Краўчук, ВЯ, 1968, 4, 125).

Бакаля́р дзяк, дзячок; школьны настаўнік’ (Нас.); ст.-бел. бакаляр, бакалар, бокалар (з XVI ст.; Нас. гіст.; Гіст. лекс., 107, 222–223), гл. яшчэ Булыка, Запазыч. Укр. бакаля́р ’вучань, шкаляр, дзячок, бакалаўр’ (з XVI ст.). Відавочна, з польск. bakalarz, bakałarz (апошнюю форму адлюстроўвае ст.-бел. бакалар, ст.-укр. бакалар) < лац. baccalaureus (< baccā laureatus ’увенчаны лаўрам’). Гл. Цімчанка, 51; Брукнер, 12; Фасмер, 1, 109; Рыхардт, Poln., 32; Булыка, Запазыч., 35. Бел. бакала́ўр, рус., укр. бакала́вр з лац. baccalaureus (гл. Фасмер, 1, 109; Шанскі, 1, Б, 13–14).

Бака́н від чырвонай фарбы’ (БРС). Рус., укр. бака́н. Запазычанне з тур.-араб. baḳḳam ’дрэва, з якога рабілі такую фарбу’. Праабражэнскі, 1, 12; Локач, 16–17; Фасмер, 1, 109. Адносна храналогіі параўн. Краўчук, ВЯ, 1968, 4, 125.

Бака́с (БРС, Сцяшк. МГ, Маш., Інстр. II). Рус. бека́с, укр. бе́кас (Грынч.). Першакрыніца — франц. bécasse (ад bec дзюба’). Фасмер, 1, 146, параўн. Шанскі, 1, Б, 83. Бел. форма адлюстроўвае польскае пасрэдніцтва (іначай было б бяка́с). Укр. націск таксама сведчыць аб запазычанні праз польскую мову. Параўн. бэ́кас.