Бахаты́ ямы, дзе дабываюць гліну’ (Яшкін), баханы́ ямы’ (Яшкін). Прынамсі бахаты́, здаецца, таго ж паходжання, што і бо́хат (bochъt‑), гл. Магчыма, таксама гукапераймальным па паходжанню з’яўляецца і слова баханы́, але з іншым дзеяслоўным суфіксам (boch‑on‑).
Ба́хаць 1, бах! ’бахаць, падаць і г. д.’, рус. ба́хать, ба́хнуть, бах, укр. бах, ба́хати, ба́хкати, польск. bachnąć, славац. bach, báchať і г. д. Гукапераймальнага паходжання, параўн. баба́х, бух. Гл. Шанскі, 1, Б, 59.
Ба́хаць 2 (дзіцячая лексіка) ’спаць’ (Бяльк., Янк. III), бах ’тс’ (Янк. III: Хадзі́, до́чачка, у люлю бах; хадзі́, до́нька, ба́хаць, ляж бах). Звязана з ба́хаць 1 (гл.). Першапачатковае значэнне: ’падаць (бахаць) у ложак, калыску’.
Бахвал ’хвалько’ (Інстр. II). Слаба пашыранае ў бел. мове, таму можна лічыць запазычаннем з рус. бахва́л ’тс’ (параўн. і бахва́литься ’хваліцца’), якое можа быць кантамінацыяй ба́ять і хвали́ть (версія Ільінскага, якую падтрымлівае Фасмер, 1, 136); іначай аб рус. слове Шанскі, 1, Б, 59.
Ба́хі забіва́ць ’зракацца сваіх слоў ці ўчынкаў’ (КЭС, лаг.). Здаецца, таго ж паходжання, што і ба́кі забіва́ць ’дурыць’ (гл. пад ба́кі), але фанетыка слова незразумелая (дыялектная дэфармацыя ці ўплыў слоў тыпу ба́харь, ’краснабай’?).
Бахі́лы ’абутак, галёшы, зробленыя з шын, абутак з гумы’ (Янк. Мат., Інстр. I, Сцяшк. МГ), ба́хілкі ’скураныя лапці’ (Гарэц.), бахлы́ ’вялікія галёшы’ (віц., Г. А. Цыхун, вусн. паведамл.), ба́хілы, ба́хілкі (Нас.). Параўн. яшчэ форму басі́лы (паралельна з бахі́лы) ’бахілы’ (Жд.); палес. бахы́лы ’вялікія гумавыя галёшы для валёнак’ (Лысенка, ССП). Гл. яшчэ Сакал. (бахі́лы, баху́лі). Рус. (з XVII ст.) бахилы ’від абутку’ (шмат форм, гл. Даль; Вахрас, Наим. об., 63–66), укр. бахи́ли ’скураныя штаны’, бахли ’глыбокія самаробныягалёшы на валёнкі’. Не вельмі яснае слова. Агляд старых этымалогій Фасмер, 1, 136; Вахрас, Наим. об., 63–66. Вахрас, там жа, прапануе звязваць з цюрк. baɣ‑ ’звязваць’, baɣly ’звязаны’ (гэту этымалогію падтрымлівае Мюлер, ZfSl, 9 (1), 1964, 157; сумняваюцца Лапацін–Улуханаў, ИАН ОЛЯ XX (2), 172; Шанскі, 1, Б, 60). Шанскі (там жа, 59–60) прымае тлумачэнне Праабражэнскага (вытворнае ад ба́хать, бу́хать), а бел. словы лічыць запазычаннем з рус. мовы. Гл. басі́лы.
Бахмат (ст.-бел.), бохмат ’нізкарослы конь’ (Гіст. лекс., 139; Булыка, Запазыч.), татарскі, асабліва нагайскі конь’ (XVI ст., Нас. гіст.). Рус. дыял. бахма́т ’маленькі, моцны конь’, укр. бахма́т ’верхавы конь’ (з XVI ст.), польск. bachmat ’нізкі, моцны конь татарскай пароды’. Старая этымалогія (Міклашыч, 414; Локач, 11–12; аб крыніцах гэтай версіі гл. Заянчкоўскі, Stud. orient., 46) — запазычанне з цюрк. *pahn at, *pehn at ’вялікі конь’ (< перс. pähn ’вялікі, шырокі’ + цюрк. at ’конь’) — вельмі няпэўная (Фасмер, 1, 136–137; Заянчкоўскі, там жа, 46–47; Менгес, Зб. Чыжэўскаму, 187 і наст.). Заянчкоўскі, там жа, прапануе зыходзіць з цюрк. *bahimat, *bahmat (араб. bahim ’чыстай масці’ + цюрк. at ’конь’). Менгес, там жа, зыходзіць з мусульманскага імя Mähmäd, Mähmāt (з заменай m > b праз пасрэдніцтва пэўных цюрк. дыялектаў; сумненні адносна гэтай этымалогіі Дзікенман, RS, 19, 13). Параўн. яшчэ Трубачоў, Происх., 57–58. Булыка (Запазыч., 39) прыводзіць як крыніцу запазычання тур. bachmat (!). Вельмі няпэўна; адкуль гэта форма? Ст.-бел. слова дае рад вытворных, вядомых у сучаснай бел. мове (гл. ніжэй). Гл. яшчэ Адзінцоў, Этимология, 1971, 195–201.
Бахма́ты ’касматы, пушысты’ (Гарэц.), бахма́тый (Бяльк.); адносіцца таксама і да раслін, параўн. бахма́ты ’пышны’ (букет) (Др.-Падб.), бахматая мята (Кіс.). Укр. бахма́тий ’мешкаваты (аб адзенні)’. Відавочна, вытворнае ад бахма́т ’конь татарскай пароды’ (’касматы конь’ → ’касматы’). Параўн. рус. бахме́т ’той, што касматы, махнаты, з доўгай шэрсцю’. Гл. яшчэ бухма́ты.
Бахмачы́ ’бахілы, скураныя лапці’ (Нас., Гарэц.). Відавочна, вытворнае ад бахма́ты (гл.). Параўн. значэнне гэтага апошняга ва ўкр. мове: ’мешкаваты (аб адзенні)’. Параўн. яшчэ рус. бахме́т ’касматы, махнаты і г. д.’, ’непаваротлівы’. Першапачаткова бахмачы́ — ’дрэнны, мешкаваты абутак’. Аб магчымасці j‑форм ад бахма́т‑ гл. Трубачоў, Происх., 57–58, (дзе прыводзяцца тапанімічныя назвы тыпу Бахмач).