Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Багабо́йлівасць (Гарэц., Др.-Падб.). Рус. богобоя́зненность, богобоя́зненный, укр. богобі́йність, богобі́йний, богобоязли́вий, богобоя́зний, польск. bogobojność, bogobojny, чэш. (ст.-чэш.) bohobojenstvie, bohobojný і г. д. Відавочна, агульная калька кніжнага паходжання (у старых помніках ст.-слав. мовы падобных слоў няма, гл. Старасл. сл. і Саднік-Айцэтмюлер, Handwört. і Сразн.). Параўн. у Бярынды: б(о)гобоѧзне́нное: б(о)гобо́йное, б(о)габоѧчее; Син. славенорос.: богобойный; богобойность… — богобоязнение. Параўн. і ням. Gottesfurcht ’богабойлівасць’, с.-в.-ням. прыметнік gotvorhtec, грэч. φόβος Θεού (гл. Клюге, 265–266), лац. deum timens і г. д. Выраз біблейскага паходжання.

Багаві́нне ’водарасці, ціна’ (БРС, Гарэц.), ’водарасці; глей, мул; топкае балота, дрыгва’ (Інстр. лекс.). Рус. курск. багови́нье ’рачныя і балотныя расліны’, укр. багови́ння, багаві́ння ’від водарасцей’. Вытворнае ад bagъva ’балота, багна’, укр. багва́ ’тс’ (праформа bagy, род. скл. bagъve; параўн. і назву рэчкі Багва, гл. Развадоўскі, Studia, 239 і наст.; Фасмер, 1, 102, але думка Развадоўскага (там жа) аб герм. паходжанні *bagy вельмі няпэўная), суф. ‑inьje. Праформай можа быць і bagov‑inьje (старая ŭ‑аснова тыпу bagŭ: bagov‑, параўн. Развадоўскі, Studia, 240).

Багаві́ца ’багіня, бажаство’ (Касп.), ’багіня; нейкая хвароба’ (Др.-Падб.), ’багіня (?) або назва нейкай хваробы’ (Гарэц.: «Багавіца цябе ведае!»). Вытворнае ад прыметніка богавы ’божы’. Як назва хваробы, гэта табуістычнае (эўфемічнае) утварэнне: хваробы часта называюць «божымі» (параўн. рус. бо́жья хвароба’, гл. Фасмер, 1, 184; чэш. božec, ням. Gewalt Gottes ’эпілепсія’, параўн. БЕР, 1, 61).

Бага́ж. Рус. бага́ж, укр. бага́ж. Запазычанне з франц. bagage або ням. Bagage (< франц.). Франц. bagage < bague < ст.-ісл. baggi ’клунак’. Гл. Фасмер, 1, 101; Даза, 68; Клюге, 44. Параўн. таксама Шанскі, 1, Б, 6.

Багамо́л1, багамаленне, багамолле. Рус. богомо́л, богомо́лье, укр. богоміл і г. д. Відавочна, агульная калька кніжна-царкоўнага паходжання адносна новага часу (гэтых слоў няма ў Садніка–Айцэтмюлера, Handwört.; Старасл. сл.; у Бярынды). Багамолле ’яўрэйскае малітоўнае ўбранне’ (насмешл. ’адзенне’ (Шат.) — гэта метафара. Параўн. укр. дыял. багаме́л ’кій’ (мабыць, ад богомол, гл. Манжура).

Багамо́л2 ’насякомае’. Рус. богомо́л, богомо́лка ’тс’. Да багамо́л1 па знешняму падабенству. Параўн. у Даля: «насекомое Mantis, сидящее недвижимо в чинном положении и внезапно выкидывающее необыкновенной длины клешни, для поимки добычи». Параўн. ням. Gottesanbeterin ’тс’.

Багародзічнік ’расліна Polygonum bistorta L., драсён змяіны’ (Кіс.). Параўн. рус. богоро́дичник, богоро́дка ’тс’, ст.-чэш. Svaté Maří košile, славац. Panny Marie zelina ’Polygonum’ (Махэк, Jména rostl., 87). Па народнай легендзе, чырвоны колер кветкі расліны — гэта кроў багародзіцы (Махэк, там жа).

Багасло́ў, багасло́ўе, рус. богосло́в, богосло́вие, укр. богосло́в, богослі́вʼя і г. д. З ц.-слав. мовы (богословъ, богословиѥ), дзе гэта калька з грэч. θεολόγος, θεολογία, да θεός ’бог’, λόγος ’слова, вучэнне’. Так і ў іншых слав. мовах. Падрабязней гл. Шанскі, 1, Б, 150–151.

Бага́тка ’адуванчык лячэбны, Taraxacum officinale Web.’ (да геаграфіі гл. Кіс., 128), назва расліны’ (Янк. Мат., 94: «Бага́ткамі на Купалля абразы́ аптыка́яць»). Мабыць, вытворнае ад багаты (кветка мае вялікую колькасць пялёсткаў). Аднак не выключаецца, што ў аснове назвы ляжыць уяўленне аб лячэбных або магічных (культавых) уласцівасцях расліны. Другая, «купальская», расліна, якую азначае бага́тка — гэта тое ж самае, што і рус. бога́тка, бога́тница ’Conyza; Erigeron’, укр. богатинка, богатниця, на якой гадаюць аб багацці (адсюль і назва, гл. СРНГ, 3, 44–45). Параўн. і польск. bogatka (XV ст., гл. Брукнер, 34). Паколькі бага́тка ’Erigeron’ мае і іншую назву: рус. пушки, бел. пушкі (Кіс., 50), то магчыма, што на адуванчык проста перанеслі назву багаткі (па падабенству).

Бага́ты, рус. бога́тый, укр. бага́тий, бога́тий, польск. bogaty, чэш. bohatý, ст.-слав. богатъ, балг. бога́т, серб.-харв. бо̀гат і г. д. Прасл. bogatъ, суфікс, утварэнне ад *bogъ ’бог; доля, маёмасць, багацце’ (гл. бог). Бернекер, 67; Траўтман, 23; Брукнер, 33–34; Фасмер, 1, 98–99; Махэк₂, 59; Слаўскі, 1, 38. Сюды ж прысл. бага́та ’шмат, многа’, рус. бога́то, укр. бага́то.

Багаты́р1 ’багацей’ (Нас., Касп., Шат., Янк. 1), багаты́рь ’тс’ (Бяльк.). Рус. богаты́рь, укр. багати́р, багати́рь. Паводле Фасмера, 1, 183, другаснае ўтварэнне ад бага́ты (bogatъ): пад уплывам багаты́р2 (гл.) ’герой, асілак’? Але можна думаць і пра першаснасць утварэння: багаты + суф. ‑(т)ырь (параўн. рус. пуст‑ы́рь, дыял. нем‑ты́рь ’нямы’ і г. д.). Таксама наўрад ці правільна Бернекер, 66, які лічыць, што багаты́р ’багацей’ — гэта багаты́р ’герой’ (з пераасэнсаваннем пад уплывам слова бага́ты).

Багаты́р2 ’волат, герой’ (Бел. казкі). Рус. богаты́рь, укр. багати́р, богати́р ’тс’. Запазычанне з ст.-цюрк. *baɣatur (параўн. і ст.-рус. форму богатур), якое пад уплывам слав. bogatъ змянілася ў богатырь. Адносна паходжання цюрк. слова ёсць розныя думкі. Бернекер, 66; Фасмер, 1, 183; Шанскі, 1, Б, 149 (там і іншая літ-pa). Слова ўжо было ў ст.-бел. мове (богатыр, гл. Гіст. лекс., 138).