Багаты́р1 ’багацей’ (Нас., Касп., Шат., Янк. 1), багаты́рь ’тс’ (Бяльк.). Рус. богаты́рь, укр. багати́р, багати́рь. Паводле Фасмера, 1, 183, другаснае ўтварэнне ад бага́ты (bogatъ): пад уплывам багаты́р2 (гл.) ’герой, асілак’? Але можна думаць і пра першаснасць утварэння: багаты + суф. ‑(т)ырь (параўн. рус. пуст‑ы́рь, дыял. нем‑ты́рь ’нямы’ і г. д.). Таксама наўрад ці правільна Бернекер, 66, які лічыць, што багаты́р ’багацей’ — гэта багаты́р ’герой’ (з пераасэнсаваннем пад уплывам слова бага́ты).

Багаты́р2 ’волат, герой’ (Бел. казкі). Рус. богаты́рь, укр. багати́р, богати́р ’тс’. Запазычанне з ст.-цюрк. *baɣatur (параўн. і ст.-рус. форму богатур), якое пад уплывам слав. bogatъ змянілася ў богатырь. Адносна паходжання цюрк. слова ёсць розныя думкі. Бернекер, 66; Фасмер, 1, 183; Шанскі, 1, Б, 149 (там і іншая літ-pa). Слова ўжо было ў ст.-бел. мове (богатыр, гл. Гіст. лекс., 138).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)