Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Баз ’ферма’. Гл. ба́за2.

Ба́за1 ’база’. Рус., укр. ба́за. Запазычанне з зах.-еўрап. моў (ням. Base або франц. base < лац. basis < грэч. βάσις). Фасмер, 1, 105; Шанскі, 1, Б, 9 (апошні не ўлічвае магчымасць запазычання рус. мовай гэтага слова ў розныя часы). Параўн. таксама Кохман, Kontakty, 36, які прымае польскае пасрэдніцтва пры запазычанні ўсх.-слав. мовамі, і Гютль–Ворт, For. Words, 51.

Ба́за2 ’зборачны пункт для жывёлы і г. д.’ (Яшкін), ’калгаснае памяшканне для збожжа; калгасны двор’ (Лысенка, ССП). Можна думаць, што падабенства з ба́за1 (гл.) толькі выпадковае. Зыходзячы з семантыкі слова, можна прыцягваць для параўнання бел. баз ’жывёлагадоўчая калгасная ферма’ (Яшкін), рус. дыял. баз, базо́к ’загарадзь, скацінны двор; месца, дзе робяцца кізякі; двор’, укр. баз загарадзь для жывёлы’, база ’хлеў’, якія, відавочна, запазычаны з цюрк. моў (каз.-тат., караім. baz яма, склеп’ > калм. bas ’скацінцы двор’). Гл. Фасмер, 1, 105. Параўн. таксама Булатаў, I, 225. Агляд іншых версій гл. Фасмер, там жа. Трубачоў (Этимология 1965, 41) не пераканаўча выводзіць гэтыя словы з гіпатэтычнага іранскага *baza.

Базано́вец ’расліна Lysimachia nummularia L., лазаніца’ (Кіс.). Рус. бажа́новец, база́новец, ст.-укр. базановець, укр. дыял. зановець (усечаная форма). Запазычанне з польск. bazanowiec ’тс’ (да bażant ’фазан’, параўн. семантычную паралель назвы расліны — ням. Fasanenkraut). Гук ‑z‑ замест ‑ż‑ тлумачаць польскім мазурэннем. Фасмер, 1, 104; Карловіч, Wyr. obce, 40 і наст.

База́р1 ’рынак, базар’ (БРС, Бяльк.). Рус. база́р, укр. база́р. Запазычанне з цюрк. моў (з цюрк. дыял. bazar, параўн. тур. і г. д. pazar < перс. bāzār). Гл. Праабражэнскі, 1, 12; Локач, 23; Фасмер, 1, 106. Параўн. таксама Шанскі, 1, Б, 10, дзе ўказваецца на тат. мову як на крыніцу запазычання.

База́р2 ’плошча, пляц’ (Яшкін, Лысенка, ССП). Таго ж паходжання, што і база́р1 (гл.). Семантычны зрух такі ж, як і ў рус. дыял. база́р ’вуліца’. У правінцыі базары раней заўсёды былі і цэнтрам «грамадскага» жыцця.

Базары́нка, базары́нак ’падарунак, куплены на базары’ (Нас.), базары́нкі ’тс’ (Гарэц.). Укр. базари́нка, басаври́нок, басари́нок, басари́нка, басари́мок ’хабар, падарунак’, басару́нок ’сена або трава, якую даюць карове ў час даення’. Рус. дыял. баса́ри́нка ’праца для гаспадара за арэнду зямлі’. Запазычанне з польск. basarunek ’кампенсацыя’ (< с.-в.-ням. bezzerunge ’паляпшэнне, выпраўленне’; параўн. ням. Besserung). Карловіч, Wyr. obce, 37; Корбут, PF, 4, 402, 496; Брукнер, 17; Фасмер, 1, 130. Формы з ‑з‑ другасныя (па народнаэтымалагічнаму асэнсаванню ў сувязі з база́р).

База́рыць ’лаяць’ (Бір. Дзярж.). Параўн. рус. дыял. база́рить ’голасна размаўляць, крычаць, шумець, лаяцца’. Мабыць, вытворнае ад база́р1 (першапачаткова ’лаяцца, крычаць, як на базары’). Наўрад ці ёсць сувязь з базла́ць, базы́каць, базі́каць (гл.), рус. база́нить, базла́нить ’шумець, крычаць’.

Базграні́на ’ўсялякая ўсячына, мешаніна’, лухта, бязглуздзіца’ (Нас.). Запазычанне з польск. bazgranina ’каракулі, мазня’ (bazgrać ’незразумела пісаць, пэцкаць паперу’; у польск. мове гэта наватвор з XVIII ст., паходжанне яго няяснае, гл. Брукнер, 18; Слаўскі, 1, 29; вельмі няпэўна Махэк₂, 49: пераробка слова skrabač).

Базі́каць ’гаварыць тое-сёе; плясці глупства, пустасловіць’ (Нас.), базы́каць ’гаварыць абы-што’ (Бяльк.). Слова не вельмі яснага паходжання. Параўн. рус. дыял. базли́ть, базла́нить, база́нить ’крычаць’, бази́кать, базю́кать ’плявузгаць, гаварыць і г. д.’, укр. базі́кати ’плявузгаць’, базувать ’гаварыць’, ба́зі ’гутарка, базіканне’. Версій вельмі многа (агляд гл. Фасмер, 1, 106, параўн. і Бернекер, 47), але найбольш верагоднае, відаць, гукапераймальнае паходжанне гэтых слоў, як і грэч. βάζω ’базікаю, гавару’ (аб грэч. слове. гл. Фрыск, 1, 206–208, таксама Покарны, 91–92). З базі́каць, магчыма, звязана і базла́ць ’моцна крычаць’ (гл.).

Базіліка ’расліна Acinos Moench. arvensis, душыца палявая’ (Кіс.). Параўн. рус. базилик Ocimum basilicum’, базилика ’Clinopodium’, укр. базилик ’Calamintha Clinopodium’, чэш. (ст.) bazylika ’Ocimum basilicum’ і г. д. Крыніцай гэтых назваў з’яўляецца лац. basilicum (< грэч. βασιλικόν ’каралеўскі’, гл. Махэк₂, 49). Параўн. яшчэ Мяркулава, Очерки, 138, 140.

Базла́ць ’моцна крычаць’ (Сцяшк. МГ). Параўн. рус. дыял. базла́ть ’ілгаць’, базли́ть, базла́нить, база́нить ’крычаць’, базло́ ’горла’. Слова няяснага паходжання. Агляд розных версій гл. Бернекер, 47; Фасмер, 1, 106. Магчыма, гукапераймальнага паходжання, як і грэч. βάζω ’гавару, базікаю’ (аб грэч. слове гл. Фрыск, 1, 206–208). Сюды ж можа адносіцца і базі́каць ’гаварыць’ (гл.).