Бай ’багацей’. Рус., укр. бай. Запазычанне з цюрк. моў (bai ’багаты’). Гл. Фасмер, 1, 106. Шанскі (1, Б, 11) лічыць, што крыніцай запазычання была татарская мова. Параўн. яшчэ Дзмітрыеў, Тюрк. эл., 18.
Байба́к (Нас.), баба́к ’сурок; гультай, лежань’. Рус., укр. байба́к, баба́к ’тс’. Лічыцца запазычаннем з цюрк. моў, але крыніца дакладна невядомая (параўн. караім. baibaχ, baidbaχ ’паганы’, тур.-перс. bedbaht ’няшчасны чалавек’, тат. bajbak ’сурок’). Агляд праблематык гл. Праабражэнскі, 1, 12; Фасмер, 1, 107; Локач, 16; Заянчкоўскі, JP, 19, 37; Заянчкоўскі, Stud. orient., 42–43; Дзмітрыеў, Тюрк. эл., 43.
Ба́йбас ’бялізны чалавек, гультай’ (Касп.), байбо́с ’бялізны, нязграбны мужчына’ (Нас.), ба́йбус ’бялізны, нязграбны чалавек, гультай’ (Шат., Гарэц., Янк. БП, Др.-Падб., Бяльк., Сцяц.), ’дурань’ (Сцяц.). Рус. ба́йбус, бе́йбус ’лянівы’, бе́йбас ’дурань’, укр. бе́йбас ’дурань, вялікі нехлямяжы чалавек’ (таксама бе́льбас, бе́лбас). Паводле Фасмера, 1, 145, запазычанне (у другой частцы выразу дыял. форма тур. baš ’галава’). Але зыходзячы з укр. паралельных форм бе́льбас, бе́лбас, можна думаць і пра сувязь з рус. балбе́с (да гэтага гл. Фасмер, 1, 114): параўн. змену ва ўкр. дыялектах: лʼ → й.
Ба́йда 1 ’барка, лайба’ (Гарэц.), рус. ба́йда ’баржа’, укр. ба́йда (паўдн.) ’від пласкадоннай лодкі’. Паводле Фасмера, 1, 107, сюды ж рус. байда́к ’баржа; брус’, байда́ра ’рачное судна’. Усе гэтыя словы лічацца запазычаннямі з усх. моў. Паводле Шанскага, 1, Б, 12, усе гэтыя словы ўтвораны ад ба́йда рознымі суфіксамі, а ба́йда < бадья ’пасудзіна’ (цюрк., параўн. бадзе́йка, бадзя́га). Параўн. ба́йда 2 і байда́к.
Ба́йда 2 ’паля’ (Нас., Гарэц.). Параўн. ст.-укр. (XVII ст.) байда ’паля, вялікае завостранае бервяно’, якое Цімчанка (50) лічыць запазычаннем з ням. Beute ’карыта; вулей’ (> польск. bajda ’начоўкі’). Гл. таксама Клюге, 71–72 (дзе прыводзяцца роднасныя герм. формы; між іншым са значэннем ’дошка; край лодкі, чаўна’). Усё ж такі паходжанне слова застаецца няясным. Параўн. яшчэ рус. дыял. байда́к ’тоўстая дошка для падлогі або столі’, якое Фасмер, 1, 107, звязвае з байда́к ’лодка’ (гл.).
Байдак ’рачное судна’ (Інстр. лекс.; ужо ст.-бел., гл. Нас. гіст.; Гіст. лекс., 139). Рус. байда́к, укр. байда́к. Мабыць, як думае Фасмер, 1, 107 і Шанскі, 1, Б, 12, звязана з ба́йда 1 (гл.). Заянчкоўскі, Stud. orient., 97, відаць, лічыць, што байда́к, магчыма, кыпчацкае слова.
Байда́н ’зямля, пакінутая для пашы’ (Нас.), ’адкрытае месца’ (Касп.), ’месца на сенажаці, дзе расце толькі маленькі густы сівец, а іншая трава не расце’ (докш., Янк. Мат.), ’будан, выган’. Рус. дыял. байда́н ’пустэча, незабудаванае месца; узвышша; карагод, вясёлая гульня на паветры’. Ужо Даль лічыў, што гэта, магчыма, змена слова майдан. Гэта версія пераконвае. Гук б‑ на месцы м‑ можа быць вытлумачаны фанетыкай цюркскіх моў (у некаторых мовах пачатковае м‑ пераходзіць у б‑). Адносна значэння параўн. шырокую семантыку слова майда́н, якая амаль поўнасцю супадае ў гэтых словах. Параўн. і рус. дыял. буйда́н (тульск.), буя́н ’адкрытае з усіх бакоў, узвышанае месца, базарная плошча; амбар’, якое Трубачоў, Дополн., 1, 257 (пад буя́н), таксама лічыць цюрк. варыянтам слова майда́н. Параўн. буда́н.
Байда́рка ’від лодкі’. Рус. байда́рка, укр. байда́рка і г. д. Слова не вельмі яснага паходжання. Магчыма, як і байда́к (гл.), адносіцца да ба́йда ’барка’ (ад якога ўтворана суфіксам ‑ар(к)а). Такую магчымасць дапускаюць Фасмер, 1, 107, і Шанскі, 1, Б, 12 (апошні ба́йда выводзіць з бадья < цюрк.).
Байдарынка ’месца, зарослае ядлоўцам’ (Булг.). Вельмі цёмнае слова, без дакладных адпаведнасцей у іншых мовах. Можна толькі ўказаць на рус. дыял. (варонеж.) ба́дар ’буйное пустазелле, што расце на лугах і тлустых землях’ і бадары́жина ’палка, дубец, уваткнуты ў зямлю’, але гэта параўнанне вельмі ненадзейнае, бо і рус. словы не маюць этымалогіі.
Байдо́сіць ’біць’ (Нас.). Да ба́йда ’паля’. Параўн. байдо́саваць ’біць байды’ (Нас.).
Ба́йды біць ’займацца не справай, а глупствам; плявузгаць’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб.). Рус. дыял. ба́йды бить, укр. би́ти ба́йди. Магчыма, скарачэннем на аснове ўкр. би́ти ба́йдики, рус. дыял. бить ба́йдики ’тс’ (аб гэтым Краўчук, УМШ, 1960, № 6, 60). Параўн. рус. байди́к, байтик, ба́ди́к, бадо́к, бати́к і г. д. ’палка, дубец, жардзіна’ (бить ба́йдики = рус. бить баклу́ши, да апошняга гл. Праабражэнскі, 1, 13; Фасмер, 1, 110). Слаўскі (1, 25) хоча тут бачыць bajda (ад bajati ’гаварыць’) ’пустаслоў’. Неверагодна Парасунька, НЗКіеўПІ, XXXIII, 1963, 105–109 (запазычанне з фін.-уг. моў; параўн. комі байӧг ’курапатка’; выраз азначаў лавіць курапатак’). Нас. адносіў да ба́йда ’паля’.