Ба́бак ’ахапак ільну, вынесенага з сушні за адзін раз для апрацоўкі’ (Мат. АС, Шкл.), ба́бык, аба́бак ’малая ўкладка снапоў на полі’ (ДАБМ, 877). Мабыць, таго ж паходжання, што і аба́бак (гл.) ’мэндлік’. Але гэта не зусім яснае ўтварэнне. Хутчэй за ўсё назва аба́бак ’мэндлік’ была перанесена на ’ахапак ільну’ (а аба́бак ’мэндлік’, мабыць, аддзеяслоўнае ўтварэнне: абабіцца ’стаць падобным да бабы’, параўн. ба́ба ў значэнні ’круглыя, вялікія прадметы’; да марфалогіі параўн. Мяркулава, Очерки, 176–177).

Бабак, бабака ’дурань, безгаловы’ (Інстр. лекс.). Напэўна, метафарычнае ўжыванне слова бабак ’байбак, бабак’. Параўн. рус. байба́к ’байбак, непаваротлівы, лянівы і дурны чалавек’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)