Бухма́ты ’пухлы’ (БРС), ’тоўсты ў твары’ (КЭС, лаг.), ’раскідзісты, шырокі’ (ко́пы зрабі́лісі бухма́тыя; Сцяшк. МГ). Здаецца, таго ж паходжання, што і бахма́ты ’касматы, пушысты’ (гл.), укр. бахма́тий ’мешкаваты (аб адзенні)’, г. зн. вытворнае ад бахма́т ’конь татарскай пароды’ (гл.). Гэта апошняе выводзяць і ад мусульманскага імя Mähmäd, Mähmät. Гэту версію, здаецца, падтрымліваюць такія рус. дыял. формы, як бахмет ’непаваротлівы; касматы, махнаты’, бухме́т ’тоўсты, здаровы чалавек або жывёла’ (параўн. варыянтнасць вакалізму ва ўсх.-слав. мовах: бахма́тбухма́тбахме́тбухме́т). Рус. бухме́т ’тоўсты, здаровы чалавек’ пацвярджае вывядзенне бел. слова ад бахма́т.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)