Бахмат (ст.-бел.), бохмат ’нізкарослы конь’ (Гіст. лекс., 139; Булыка, Запазыч.), татарскі, асабліва нагайскі конь’ (XVI ст., Нас. гіст.). Рус. дыял. бахма́т ’маленькі, моцны конь’, укр. бахма́т ’верхавы конь’ (з XVI ст.), польск. bachmat ’нізкі, моцны конь татарскай пароды’. Старая этымалогія (Міклашыч, 414; Локач, 11–12; аб крыніцах гэтай версіі гл. Заянчкоўскі, Stud. orient., 46) — запазычанне з цюрк. *pahn at, *pehn at ’вялікі конь’ (< перс. pähn ’вялікі, шырокі’ + цюрк. at ’конь’) — вельмі няпэўная (Фасмер, 1, 136–137; Заянчкоўскі, там жа, 46–47; Менгес, Зб. Чыжэўскаму, 187 і наст.). Заянчкоўскі, там жа, прапануе зыходзіць з цюрк. *bahimat, *bahmat (араб. bahim ’чыстай масці’ + цюрк. at ’конь’). Менгес, там жа, зыходзіць з мусульманскага імя Mähmäd, Mähmāt (з заменай m > b праз пасрэдніцтва пэўных цюрк. дыялектаў; сумненні адносна гэтай этымалогіі Дзікенман, RS, 19, 13). Параўн. яшчэ Трубачоў, Происх., 57–58. Булыка (Запазыч., 39) прыводзіць як крыніцу запазычання тур. bachmat (!). Вельмі няпэўна; адкуль гэта форма? Ст.-бел. слова дае рад вытворных, вядомых у сучаснай бел. мове (гл. ніжэй). Гл. яшчэ Адзінцоў, Этимология, 1971, 195–201.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)