Бадзыго́н1 ’ежа з дранай бульбы, запечанай у чыгуне’ (Вешт.). Параўн. укр. (валын.) бадзьоні ’тс’ (Казачук, Бел.-укр. ізал., 32), бадзі ’від ежы з дранай бульбы, мукі, алею або сала, якая запякаецца і падаецца цёплай’ (Яварніцкі, Словник). Слова няяснае. Магчыма, запазычанне (адкуль?). Параўн. укр. бандз ’бульба’, будз ’высушаны тварог’, бундз ’авечы тварог; вялікі кусок авечага сыру’ (якое, відаць, мае рум. сувязі; да рум. слова bulz ’кусок мамалыгі з брынзай’, параўн. Губшмід, Schläuche, 25–27).

Бадзыго́н2 ’штосьці грувасткае, вялізнае’ (Клім.). Можна меркаваць, што гэта метафарычнае ўжыванне бадзыго́н1 (гл.): ’ежа, бабка, запечаная ў чыгуне (ежа няпэўнай формы, вялікая бабка)’ → ’штосьці няпэўнае, вялікае’ (параўн. розныя значэнні слоў ба́ба, ба́бка, якія азначаюць і ’ежу з бульбы’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)