Бабачка ’матыль’ (Інстр. II). Рус. ба́бочка, укр. (бойк.) ба́бочка ’тс’. Памяншальная форма ад ба́бка (гл.), якая абазначала і розных насякомых. У аснове называння ляжыць уяўленне, што душа памершага (продка, бабулі) працягвае сваё існаванне ў выглядзе матыля. Як семантычную паралель параўн. рус. дыял. ду́шачка ’матыль’ (ад душа́), новагрэч. ψυχάρι ’матыль’ (< ψυχή ’душа’), лац. animula, animulus ’начны матыль’ (< anima ’душа’). Патабня, К истории, 4, 78; РФВ, 7, 69; Праабражэнскі, 1, 10; Фасмер, 1, 100. Але Махэк (Studie, 118 і наст.) лічыць, што справа ідзе аб уяўленні пра «бабу-чарадзейку» (з гэтым згаджаецца Важны, O jménech, 86, гл. таксама Лапацін, Этимология, 1963, 288, дзе прыводзяцца новыя семантычныя аргументы). Не пераконвае Ёль, Elern., 99 (слав. baba ’матыль’ — гэта народнаэтымалагічнае пераўтварэнне першапачатковай элементарнай «вобразнай» асновы тыпу pepe‑, якая маецца ў розных мовах; крытыку гл. Важны, O jménech, 86).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)