Ашаву́рак ’непаваротлівае і нецямкое дзіця’ (КЭС, лаг.), ’абармот, непаслухмяны (пра дзяцей)’ (нясвіж., Цыхун, вусн. паведамл.). Няясна, магчыма, ад ша́ваць ’слаба варушыць, шамацець’, параўн. ашамётак, з экспрэсіўным нарашчэннем ‑ур‑ (пераходная ступень (а)шава — (а)шавура як рус. кожа і кожура, параўн. таксама прозвішча Ша(в)ура). Менш верагодна па фанетычных і семантычных прычынах сувязь з рус. маск. ошвырок ’аполак, абрэзак’, укр. о́шварь, польск. oszwar ’тс’, параўн. аполак ’непатрэбны чалавек’, ці польск. гіст. abszaur ’таможанны чыноўнік, які калісьці па вёсках шукаў тытуню, прывезенага кантрабандай’ (з ням. Abschauer, Карл.). Параўн. ашвурак.
Ашака́ ’высеўкі, рэшткі пры прасейванні мукі’ (астрав., Цыхун, вусн. паведамл.), ашакі ’асцюкі з каласоў’ (Сцяшк.). З літ. ašakà ’асцюк’, параўн. Урбуціс, Baltistica V (1), 1969, 49, дзе брасл. ашакі ’ячменнае шалупінне’ тлумачыцца ўслед за Вяржбоўскім з літ. ãšakos ’шалупінне ад зярнят’, параўн. таксама Лекс. балтызмы 52. Гл. шакіны, шакаліны.
Ашаламе́ць ’адурэць’ (Касп.), ’аслупянець, страціць розум ад нечаканасці’ (палес., Цыхун, вусн. паведамл.), ’збянтэжыцца, згубіць кірунак і развагу’ (КЭС, лаг.), ошоломонець ’адурэць’ (КСТ), ашаламу́ніцца (Шпіл.), укр. ошалемоніти ’ашалець’, рус. ошелометь ’адурэць, ашалець, страціць прытомнасць’. Ад шо́лам ’шум’, гл. ашаламіць; да семантыкі параўн. устойлівыя выразы «шум и шаль в голове» (Шн., 2, 552), «на третье (поле) конь ступая, шум голоўку обнимая» (Шн., I, 334); суфіксальнае нарашчэнне ‑ан‑ (‑он‑) мае ўзмацняльны характар.
Ашаламі́ць ’аглушыць, адурыць, здзівіць’ (БРС, Нас., Грыг.), ашыламіць (Бяльк.) ’збіць з толку, збянтэжыць’ (Сцяшк.), ашаламуціць ’адурыць словамі ці ўдарам’ (Чач., Шат.), укр. ошоломити ’аглушыць, увесці ў зман’, рус. ошеломить ’аглушыць моцным ударам, здзівіць’, польск. oszołomić ’адурыць, пазбавіць розуму’ (з усходнеславянскіх моў, гл. Брукнер, 170). Насуперак агульнапрынятай этымалогіі, што ўзыходзіць да Даля, згодна з якой рус. ошеломить ад шелом ’шалом’ (Праабражэнскі, 1, 674; Фасмер, 3, 179 і інш.), ад шолам ’шум’, гл. Супрун, Зб. Аванесаву, 244 і наст., дзе прыводзіцца семантычная, словаўтваральная, акцэнталагічная і гістарычная аргументацыя; параўн. таксама шаламіць ’шумець моцна, раздражняць, нерваваць’ і выраз «не шаламі галаву» (Янк. Мат.), якому семантычна адпавядаюць балг. ошумоглавя, макед. ошумоглави ’аглушыць ударам; ашаламіць’.
Ашалапу́цець ’страціць (на некаторы час) здольнасць рэагаваць у выніку моцнай стомленасці або ў сувязі з нечаканым здарэннем’ (Янк. I), ашылапець ’аслупянець, скамянець’ (Бяльк.). Да шолап выкл. ’шась!’, параўн. шало́паць ’разумець, разбірацца’, першаснае ’корпацца, шастаць’, шалапут ’разгублены, узрушаны, няўважлівы чалавек’, параўн. драг. ошолоп ’асталоп, дурань’ (Клім.), укр. шолопати шастаць, корпацца’ (Карпат, диал. оном., 474), шалопокіти ’выдаваць глухі гук, шастаць’. Гл. ашалапуціць.
Ашалапу́ціць ’ашукаць’ (Касп.), укр. ошалопутити ’адурачыць, падмануць’. Ад шалапут (гл.), параўн. ашалапуцець.
Ашале́ць (БРС, Нас., Грынч., Сцяшк., Бяльк., Яруш., Касп., Шат.), укр., ошаліти, рус. ошалеть, польск. oszaleć, чэш.-мар. ošalíť. Гл. шалець, шаль.
Ашальмава́ць ’абакрасці, абабраць пры дапамозе ашуканства’ (Шат.). Да шальмаваць, шэльма (гл.).
Ашамёлак ’нерухавае дзіця, адзетае ў рыззё не свайго памеру’ (КЭС, лаг.). Утворана па прадуктыўнай мадэлі ад дзеяслова з коранем шам‑ (шамял‑), параўн. выкл. шамялях!, шамяля́хнуць ’перакуліць, паваліць’. Гл. ашамётак.
Ашамётак ’нерухавае дзіця, адзетае ў рыззё не свайго памеру’ (КЭС, лаг.). Ад шамятаць ’выдаваць ’прыглушаныя гукі; ціха есці; рваць што-небудзь на дробныя кавалачкі і інш.’, параўн. рус. шеметать ’праводзіць час без справы’.