Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

*Ашкабу́рак, ошкабу́рок ’абносак, зношаны абутак’ (КСТ). Звязана з шкабуртина ’шматок, кусок чаго-небудзь’ (палес., Лысенка, СПГ), шкабурацінка ’скарынка хлеба’ (лельч., Вешт. дыс.). Гл. шкабурацінка.

Ашкалёпак ’асколак’ (Касп.). Гл. аскалёпак, параўн. варыянты з ск/шк: скура/шкура, скабы/шкабы, скурат/шкурат, скрабаць/шкрабаць і інш.

Ашкарупе́ць ’пакрыцца скарынкай, шкурай’ (Янк. III), ошкору́піць ’абадраць кару’ (столін., Цыхун, вусн. паведамл.). Гл. шкарупець ’засыхаць, пакрывацца шкарлупінай’, шкарупа ’кара’.

Ашкі́ль, ашкі́ля ’вокліч для адгону авечак’ (гродз., Цыхун, вусн. паведамл.), вокліч для адгону жарабят і авечак’ (бераст., Супрун, Лекс. балтызмы, 44). Аналагічна да ашкір з а і шкіля — у залежнасці ад інтанацыі падзыўное ці адгоннае слова для авечак.

Ашкі́р ’вокліч пры адгоне авечак’ (Нас., Гарэц., Янк. I, рагач., Арх. ГУ), а шкір! ’адгон авечак (клічуць шкіра‑шкіра!) (бых., Рам. 8, 55), ашкіра (Касп.), ашкыра (докш., Янк. Мат., КЭС, лаг.), «ачкірэ ў поле» ’вокліч, якім гоняць авечак’ (Чач.), рус. смал. ашкырь. Найбольш верагодна з а (узмацняльная часціца) і шкіра, шкыра ’авечка’, ’падзыўное слова для авечак’ (у залежнасці ад інтанацыі можа ўжывацца і як адгоннае), аналагічна да аюсь, юсь і пад.; Карскі (2–3, 86) лічыць слова гукапераймальным; Супрун (Лекс. балтызмы, 44–45) прыводзіць літоўскія формы, распаўсюджаныя на прылягаючай тэрыторыі’ aškìr, aškìre і інш. і спрабуе звязаць іх з літ. atskírti ’адлучаць’, лат. atškirt ’тс’. Спецыяльна гл. Машынскі, Kultura I, 134.

Ашкротак ’адломак, чарапок’ (Бяльк.), ’старая, непрыгодная рэч’ (жлобін., Цыхун. вусн. паведамл.). Гл. аскротак.