Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ашу́га ’галавакружэнне, павышаны ціск’ (гродз., Цыхун, вусн. паведамл.). Хутчэй за ўсё ад шугаць ’гойдаць, калыхаць’, што адлюстроўвае стан хворага чалавека; не звязана з балг. шу́га, серб.-харв. шӳга ’кароста’ (з тур. šuga, гл. Младэнаў, 695).

Ашугну́ць ’абступіць, абкружыць, агарнуць’ (КЭС, лаг.). Ад шугаць, шугнуць ’паляцець з шумам’, сюды ж, магчыма, шунуць ’наляцець, наскочыць’ (Жд.).

*Ашу́драны, ошу́драны ’многа, але дрэнна апрануты’ (лельч., Цыхун, вусн. паведамл.), укр. жытом. о̂шу́драні ’вылінялы’ (пра птушак) (Ніканчук, Бел.-укр. ізал., 61). Відаць, звязана з шудравы ’не гладкі, шурпаты’.

Ашука́ць ’абмануць, абдурыць’ (Нас., Яруш., Грыг., Шпіл., Бесар., Нік. Очерки, Касп., Шат., КЭС, лаг.), ’пакрыўдзіць у якой-небудзь справе; незаўважальна для іншага карыстацца яго сродкамі’ (Мядзв.), ашока́ць ’ашукаць, узяць верх над кім-небудзь’ (Ян.), абшукаць ’абшукаць вакол; абмануць’ (Шат.), ашукацца ’памыліцца’ (Грыг., Яруш., КЭС, лаг.), ашуканец ’махляр, манюка’ (Яруш., КЭС, лаг.), ст.-бел. ошукати, ошуковати ’абмануць’ (1599 г., Нас. гіст.), укр. ошукати, польск. oszukać ’свядома ўвесці ў зман каго-небудзь для ўласнай карысці’ (у такім значэнні з XIV ст., Крупянка, Formacje, 130). Ад шукаць (гл.), з першапачатковай семантыкай як у ашустаць ’абмануць, абхітрыць’, пры шустаць ’дзейнічаць хутка і з шумам; шастаць; напіраць’, інакш Мікуцкі, ИОРЯС, 4, 1855, 411: з гіпатэтычнага ошудкаць, якое звязвае з славац. šudiť ’абманваць’ (прасл. šuditi, Махэк₂, 607), параўн. Фасмер, 3, 180; Кюнэ, Poln., 82; Гіст. мовы, 2, 69 (з польск., дзе калька з ням. versuchen); ашука ’падман; памылка’ (Нас., Касп.) — другаснае ўтварэнне ад ашукаць, параўн. таксама абшукацца ’агледзецца, уладкавацца, упарадкавацца’ (Ян.).

Ашу́рак, ашу́ркі ’старыя, нягодныя рэчы’ (Бяльк.), рус. смал. ошурки ’рвань, анучы’, ошурок ’засохлы кусок хлеба’. Ад шураць ’кідаць, шпурляць’.

Ашу́стаць ’абабраць’ (Жд.), ’абмануць, абхітрыць’ (Шат.), абшустаць (маладз., Янк. Мат.), рус. ошустать, польск. oszustać ’ашукаць’. Ад шустаць ’дзейнічаць хутка і з шумам; шастаць’, значэнне неабавязкова пад уплывам семантыкі польскага слова (згодна з Брукнерам, 385, позняй, узнікшай на базе вядомага ў XVII ст. szustać ’мяняць, абменьваць’), параўн. абшастаць, абшалёхаць і іншыя экспрэсіўныя ўтварэнні з шырокай семантыкай (у тым ліку ’абабраць’), шуснуць ’абсунуцца, упасці ўніз’ і ’хутка, не разглядаючы, памяняцца на рэчы’ (Бяльк.). Параўн. Фасмер, 3, 180 (звязвае ўслед за Міклашычам з шутить). Гл. ошуст.

*Ашу́шак, ошу́шокъ ’кусок хлеба’ (Серб.), ошушэк (зах.-палес., Вешт., 393). Ад асушак (шляхам прыпадабнення с да ш), гл. Лекс. Палесся, 121; да фанетыкі і семантыкі параўн. балг. шу́шка ’крышка, малая колькасць чаго-небудзь’; згодна з Младэнавым, 696, з су́шка (ад сух ’сухі’).

Ашу́шкацца ’надзець на сябе многа адзежын’ (Нас., Чач., КЭС, лаг.), ошушкацца (КСТ), абшушкацца ’цёпла адзецца’ (КСП), ушушкацца (Бір. Дзярж.), нашушкацца (таўбц., жыт., петрык., брагін., Цыхун, вусн. паведамл.). Ад шушкацца ’цёпла апранацца, укрывацца’, што звязана з шушкацца ’капацца, шастаць; паволі і ціха што-небудзь рабіць’, да семантыкі параўн. копша ’занадта цёпла адзеты чалавек; той, хто капаецца, павольна працуе’, параўн. варыянты з х і ст у корані: нашухацца ’адзецца цёпла і многа’ (КСТ) і нашуштацца (нашустацца) ад шухацца, шустацца (па тэрміналогіі Махэка — «ch‑» і «st‑intensivum», параўн. чэш. ošoust, ošusta ’абарванец’ і славац. ošuchaný ’абарваны’, гл. Махэк₂, 619, 629), што можна разглядаць як вынік кантамінацыі.

Ашу́шкаць ’абмануць, абхітрыць’ (Шат.). Ад шушкаць ’шастаць, корпацца’ пад уплывам ашустаць (гл.); цікавая паралель балг. ошушкам ’абабраць да ніткі; з’есці ўсё да крошкі’ (ад шушка ’крышка’).