Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ашва́к ’вушак, шула ў сцяне’, ашванык (палес., Лучыц-Федарэц., Бел.-укр. ізал., 44), ошвак ’шула ў сцяне’ (Тарнацкі, Studia), ’бакавы слуп, да якога прымацоўваецца рама акна’ (Шушк.). Няясна; магчыма, з аўшак (оўшак) ’вушак’ (гл.), збліжанае з шыць, параўн. ст.-бел. ошва ’абшыўка, аблямоўка’ (Нас. гіст., 1494); гл. таксама палес. ошва (ošφa) ’брус, які ляжыць на бэльках столі пад кроквамі’ (Тарнацкі, Studia), што нагадвае літ. ašvà ’кабыла’, параўн. шматлікія другасныя значэнні слав. kobyla (тэхнічныя прыстасаванні, будаўнічыя дэталі і інш.): Слаўскі, 2, 305–306, а таксама Яшкін, Рэгіян. асабл., 84–85.

Ашва́ліна ’кусок сала’ (навагр., Балто-слав. сб., 385). Няясна. Грынавецкене і інш. (там жа) збліжаюць з літ. švalái ’?’, параўн. чэш.-мар. svalina ’вялікі кусок’, якое разам з валаш. švalek ’камяк, галушка’. Махэк₂, (630) лічыць утвораным ад valiti, што мае шэраг экспрэсіўных значэнняў, у тым ліку ’рэзаць’, параўн. «адваліць лусту». Магчыма, збліжана з шваля ’брус, калода’ (ням. Schwelle ’брус, парог’).

*Ашву́рак, ошву́рок ’кароткая вяровачка’ (КСТ). Відаць, ад шворка ’абрывак вяроўкі’ з пераходам о > у пад націскам у выніку лабіялізацыі; не выключана таксама магчымасць з *о‑швырок (ад швыраць ’кідаць’, параўн. рус. ошвырок ’асколак, кусок палена’) і тыповым для гэтай зоны пераходам ы > у пасля зубных пад націскам (кобула, ву вы’ і інш.).