Ашчабо́лак ’асколак палена’ (Шат.). Ад шчабло ’трэска, лучына’, што ўзыходзіць да праслав. ščebati ’шчапаць, адшчыпваць’, роднаснага skobiti (параўн. Варбот, Этимология, 1971, 3–4), параўн. аскабалак.
Ашчаве́ць 1 ’звянуць, аслабнуць’ (Байк. і Некр.). Няясна, магчыма, да ашчавець 2, параўн. прастамоўнае скіснуць ’страціць настрой, здацца’ або да шчавы ’пусты’, параўн. рус. щавый ’пусты; пульхны’ (з тъщавъ ад тъщъ, параўн. тощий ’пусты, слабы’, гл. Фасмер, 4, 495).
*Ашчавець 2, ошчаві́ты ’пракіснуць’ (Клім.). Ад шчавы ’пракіслы’, параўн. шчавэ молоко ’пракідае малако’ (Вешт. 390).
Ашчаджа́ць ’эканоміць, адкладаць у запас’ (КЭС, лаг.), ашчадны ’беражлівы’ (БРС, Гарэц.), ашчэдны (Касп., КЭС, лаг.), укр. ощажати, ощадний, польск. oszczędzać, oszczędny, oszczędač, чэш. дыял. oščadať se ’скупіцца’. Да прасл. ščediti, параўн. шчадзіць ’берагчы’, шчадны ’беражлівы, эканомны’; цэнтральнаславянскі арэал сведчыць, магчыма, пра інавацыю з цэнтрам хутчэй за ўсё на польскай тэрыторыі.
Ашчалача́ць ’пусціць ваду з сябе (пра кісель, кашу)’ (КСП). Ад шчолак ’вадкае ў страве’.
Ашчало́пак ’выбоіна, няроўнасць’ (Касп.). Да прасл. ščьlpъ (рэканструкцыя Махэка₂, 105) ці ščьlbъ (рэканструкцыя Трубачова, Проспект, 85) параўн. укр. шчовб, щолопок ’вяршыня гары’, чэш. člupek ’вяршыня гары; бугарок; ямка, у якую сцякае вада’.
Ашчапе́нец ’вельмі скупы чалавек’ (Шат.). Ад ашчапіць (гл.).
Ашчапе́рыцца ’ашчэрыцца’ (Бяльк.), ошчэперыцца (Куч.). Узыходзіць да праслав. ščep‑, параўн. шчапаць ’калоць, раздзяляць на дзве палавіны’, з экспрэсіўным нарашчэннем ‑ер‑, гл. ашчаперыць 1; да семантыкі параўн. серб.-харв. raščepati ’раскрыць, разявіць рот’ з raz‑čepati адпаведна да раз‑шчапіць.
Ашчапе́рыць 1 (БРС, Янк. I), ошчоперыць ’абхапіць рукой, каб сышліся пальцы’ (КСТ), абшчаперыць ’моцна абхапіць за шыю абедзвюма рукамі’ (Ян.). Да (š)čeper‑, параўн. шчыпер ’расткі цыбулі’ і пад.
Ашчапе́рыць 2 (экспр.) ’стукнуць’ («нечым напаследак па карку ашчаперыла», А. Дзятлаў, ЛіМ, 1971 г.). Відаць, ад перыць ’біць’ пад уплывам ашчаперыць 1 ці непасрэдна ад яго, параўн. рус. хватить ’стукнуць’.
Ашчапі́ць ’абхапіць рукамі’ (Янк. I, КСП), абшчапіць (Янк. I, жыт.; Арх. ГУ), ашчапіцца ’абхапіцца абедзвюма рукамі’ (КЭС, лаг.), абшчапіцца ’абняцца’ (Бяльк.). Да шчапаць, шчапляць ’злучаць, звязваць’.
Ашчапяну́цца (ашчыпянуцца) ’схамянуцца, апамятацца’ (Бяльк.). Ад шчапянуцца (шчыплецца, шчупянуцца) спахапіцца, прыпомніць’. Гл. шчапянуцца.