Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Во́жаг, вожыг ’дзяржанне вілак, качаргі, памяла і г. д.’; ’палка з вострым канцом’ (Гарэц., Др.-Падб., Мядзв., Сцяц.); ’палка з апаленым канцом’ (Бяльк.). Рус. о́жег, о́жог, о́жиг ’палка, якая ўжываецца замест качаргі’, укр. о́жог, о́жуг ’тс’, польск. ożeg, каш. ožåk, чэш., славац. ožeh, дыял. vožėk ’дзяржанне вілак, качаргі; палка, якой разграбаюць вуголле’, серб.-харв. ȯžeg ’тое, чым разграбаюць агонь’; славен. ožèg ’качарга; палка з апаленым канцом’, макед. ожег ’жалезная качарга’, балг. дыял. ожег ’качарга’. Прасл. ožegъ, ožogъ першапачаткова ’палка з апаленым канцом’. Да жгу, жэгчы (Махэк₂, 424; Брукнер, 388). Параўн. ажагі.

Во́жжы ’лейцы’ (Бяльк.). Адзінкавасць фіксацыі ўказвае на запазычанне з рус. вожжи. Параўн. шырока распаўсюджанае вожкі ’тс’.

Вожка, вожкі ’лейцы’ (Нас., Шат., Касп., Бяльк., Янк. I, Янк. II, Юрч., Бір. Дзярж., Др.-Падб., Мядзв., Маш., Маслен., Мат. Гом., З нар. сл.). Рус. вожжа́, во́жжи, укр. ві́жка, польск. дыял. wodze ’вузда’, славен. vȏjka, славац. vodzka. Большасць даследчыкаў як зыходную аднаўляюць форму *vodi̯a (ад voditi) (Праабражэнскі, 1, 90; Фасмер, 1, 332; Махэк₂, 572; Брукнер, 629; Міклашыч, 376). Параўн. таксама літ. vãdžios ’лейцы, павады’, лат. važa ’павадок, ланцуг’ < vadît ’вясці’ (Фрэнкель, 1126). У гэтым выпадку беларуская форма рэканструюецца, як *vod‑i̯‑ka. Грот (Філал. раз., 2, 424) узводзіць гэта слова да вазіць, вязу, але гэтаму супярэчаць заходнеславянскія і славенская формы. У рус. мове застаецца нявытлумачаным ‑жж‑; падрабязна гл. Фасмер, 1, 332; КЭС, 63; Шанскі, 1, В, 129.

Вожык (БРС, Нас., КТС, Шат., Касп.). Рус. ёж, укр. їж, ст.-рус. ожь, ожик, польск. jeż, каш. jež, в.-луж. jěž, н.-луж. jež, чэш. ježek, серб.-харв. је̑ж, славен. jež, балг., макед. еж. Прасл. ezi̯o. Роднасныя: літ. ežỹs, лат. ezis ’вожык’, ст.-в.-ням. igil (н.-в.-ням. Igel) ’вожык’, арм. ozni, грэч. ἐχῖνος ’вожык’. Далей, магчыма, роднасна грэч. ἔχις ’змяя’, арм. ’тс’, ст.-інд. áhi ’змяя’, г. зн. першапачаткова гэта была табуістычная назва ’пажыральнік змей’ (Петарсан, Kelt. Gr., 1, 99; Покарны, 144, 292 і наст.; Голуб-Копечны, 153; Фасмер, 2, 10; Махэк₂, 226; Слаўскі, 1, 572 і наст.). Другія даследчыкі асноўным значэннем протасл. ezi̯o лічаць ’калючы’ і ўзводзяць да і.-е. кораня *egh‑ ’калоць, пракалоць’ (Бернекер, 266 і наст.; Праабражэнскі, 1, 212 і наст.; Машынскі, JP, 37, 299; Шанскі, 1, Д, 252; там жа падрабязна гл. літаратуру). Аб пачатковым о‑ ва ўсходнеславянскіх мовах гл. Шахматаў, Очерк, 141; Ільінскі, Slavia, 2, 232 і наст.; Бернштейн, Фонетика, 225 і наст.

Воз (БРС, Бяльк., Касп., Грыг., Дзмітр., Маш., Інстр. I), ву͡оз, ’воз; сузор’е’ (Бес.). Рус. воз, укр. віз, род. скл. во́зу, ст.-слав. возъ, балг. воз, серб.-харв. во̑з, славен. vȏz, чэш. vůz, славац. voz, польск. wóz, в.-луж. woz. Прасл. vozъ (Махэк₂, 704). Іншая ступень чаргавання ў ве́зці, вязу (гл.). Роднасныя: літ. ùžvažas, ст.-ісл. wagn ’павозка’, грэч. Ϝὄχος ’тс’, ст.-інд. vahanam ’язда; судна’, vahas ’той, хто едзе’; звязана чаргаваннем з гоц. wigs ’дарога’ (Гл. Траўтман, 357; Праабражэнскі, 1, 70; Фасмер, 1, 333).

Во́здух ’паветра’ (Бяльк.). Запазычанне з рус. воз́дух ’тс’.

Во́зера ’прыродны вадаём або штучны ставок’ (БРС, Яруш., Шат., Касп., Бяльк., КТС); ’ста́рык на лузе’; ’крыніца’ (Яшк.). Рус. о́зеро, дыял. о́зер, укр. о́зеро, ст.-рус. озеро, ст.-слав. ѥзеро, ѥезерь, польск. jezioro, чэш. jezero, славац. jazero, в.-луж. jezor, н.-луж. jazor, каш. jezor, серб.-харв. jȅzero, славен. jezȇro, jȇzer м. р., jézera ж. р., балг. е́зеро ’возера; крыніца ў рацэ або вільготнай глебе’. Прасл. *ęzęra — форма з перагаласоўкай jezero (БЕР, 1, 482). Роднаснымі з’яўляюцца літ. ẽžeras, ãžeras ’возера, сажалка, стаў’, лат. ezers ’тс’, ст.-прус. aśsaran ’тс’ (Бернекер, 1, 455), грэч. Ἀχέρων ’найменне ракі ў апраметнай’, ἀχερούσία ’балоцістыя воды’ (Траўтман, 73). Далей ёсць падставы для збліжэння з слав. ezъ (гл. яз) (Мейе, BSL, 25, 11 і наст.; 29, 38 і наст.; БЕР, там жа; Слаўскі, 1, 571; Машынскі, JP, 37, 299; Тапароў, Прус., 131 і наст.). Гл. таксама Фасмер, 3, 125.

Во́зкрі (Бяльк.). Гл. вазгры.

Во́знік (БРС, Нас., Бяльк.). Ад воз з суф. ‑нік, які ў бел. мове быў прадуктыўным пры ўтварэнні Nomina agentis яшчэ ў старажытны перыяд (Суффикс. словообр., 65). Але, па даных КГС, гэта слова адзначана толькі ў значэнні ’возны конь’. Сучаснае вознік ’возчык’ з’явілася па лексіка-семантычнаму спосабу словаўтварэння.

Во́ін (БРС, КТС). Рус. во́ин, укр. воїн, ст.-рус. воинъ, ст.-слав. воинъ, балг. паэт. воин, серб.-харв. во̀јни̑к, славен. vojník, чэш., славац. vojín, voják. Утворана пры дапамозе суф. адзінкавасці ‑inъ ад прасл. *vojь з магчымым значэннем ’група войска’ (Махэк₂, 696; БЕР, 172). Іншая ступень чаргавання ў ст.-слав. повинѫти ’пакарыць, заваяваць’. Роднаснымі з’яўляюцца літ. vejù, výti ’гнаць(ца), праследаваць’, vajóti імперф., ст.-інд. vḕti ’праследуе, імкнецца да’, авест. vayeiti ’гоніць, праследуе’, лац. vēnor, ‑āri ’паляваць’, ст.-ісл. veiðr ’паляванне’, ст.-в.-ням. weida ’тс’, грэч. ἵεμαι ’імкнуся, жадаю’, ірл. fíad ’дзічына’, лац. proelium*provoiliom) (Фасмер, 1, 334; Траўтман, 345 і наст.; Шанскі, 1, В, 141 і наст.).