Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Аспіра́нт. З рус. аспирант (Крукоўскі, Уплыў, 78) у савецкі час; рускае слова ў другой палавіне XIX ст. з франц. aspirant непасрэдна (Шанскі, 1, А, 160) ці праз нямецкую (што лепш паясняе канчатковае ‑т), дзе з французскай у XVIII ст.

Аспіры́н ’ацэтылсаліцылавая кіслата’. З нямецкай праз рускую ці польскую (на захадзе Беларусі ў форме аспірына). У нямецкай з канца XIX ст. Гл. Шанскі, 1, А, 161.

Аспо́жка, аспажа́ свята, звязанае з асенняй сяўбой’ (Інстр. II, Сцяшк.), раней — ’ражаство Багародзіцы’. Ад госпожа, госпоженька (гл. у Нас. госпоженька ’барынька’, ’жонка свяшчэнніка’) і, відаць, *Госпожка ’Багародзіца’. Дасюль, як правільна тлумачыў Даль, 1, 27, 1, 386, назва свята, што па сугучнасці з формамі ад дзеяслова жацьдажынкі і г. д. пераносіцца і на іншыя асеннія святы. «Першая аспажа бывае ў серпні, другая — у верасні» (Сцяшк.). Пра страту пачатковага г‑ гл. аспадар.

Астабры́днуць ’апрыкраць’ (Сцяшк.). Эмацыянальнае ўтварэнне ад абрыднуць (гл.); параўн. рус. осточертеть, укр. остобісіти (паводле Фасмера, 3, 164 — з выразаў сто чертей, сто бісів) і ўкр. остогидіти, остопранцювати.

Аста́віць ’пакінуць’. (Яруш., КТС). Слова вядомае ў стараславянскіх тэкстах (оставити) было значна пашырана ў старарускай, адзначаецца не толькі ў рускай, але і ва ўкраінскай мове, таму думка пра ўжыванне слова як вынік рускага ўплыву ў Купалы (Ванковіч дыс.) патрабуе абгрунтавання. Утворана з прэфіксальнага о‑ + ставити.

Астадо́ліцца ’супакоіцца, сцішыць бег’ (Янк. I). Відаць, звязана з стадола ’будынак для вазоў на заезным двары’ (Бяльк.) і асабліва ’вялікі двор для жывёлы, хлеў’ (Нас.). Дзеяслоў, відаць, азначаў ’стаць, як у стадолі’, прычым пачасова ўжываўся для жывёлы і толькі пазней для людзей. Паралелі ў іншых славянскіх мовах невядомыя. Магчыма, што ў слове адлюстроўваюцца некаторыя кантамінацыі з астанавіцца ’спыніцца’ і г. д.

Астало́п ’дурань, тупіца, невук’ (БРС, Нас., Бяльк., Касп., Бір. дыс.). Рус. остоло́п ’тс’. Параўн. яшчэ стаяць асталопам ’стаяць аслупянеўшы’ (Нас., Бяльк.), асталопіна (Нас., Бяльк., Касп.). Ужо Даль слушна звязваў гэта слова з стоўб/стоўп ’слуп’, што прынялі Міклашыч, 321; Гараеў, 242. Пісаў пра гэта слова Сабалеўскі (РФВ, 64, 124; ЖМНП, 1897, № 7). Праабражэнскі (1, 665), Шахматаў (Очерк, 281) паяснялі другім паўнагалоссем рускую форму, а Карскі (1, 257) — беларускую, прыводзячы і бел. столап. Неадназначна рашаецца пытанне пра паходжанне a‑, а разам з тым і пра канкрэтную этымалогію слова. Праабражэнскі, Шанскі, (КЭСРЯ, 316) лічаць, што зыходнай была дзеяслоўная форма остол(о)пѣти ’аслупець’, адкуль бяссуфіксны назоўнік асталоп. Булахоўскі (Тр. ИРЯ, 1, 160) убачыў тут кантамінацыю стол(о)п і олух. Улічваючы наяўнасць у смаленскіх гаворках (Мат. Смал.) слова остолоп ’драўляны слуп у ёўні’, трэба, відаць, пагадзіцца з Фасмерам, 3, 165, які тлумачыў асталоп ’дурань’ як пераноснае ўжыванне слова, што азначала ’слуп’, і параўноўваў яго з полено, дубина, чурбан. У карысць такога тлумачэння сведчыць, відаць, і выраз асталопам, дзе творцы склон тлумачыцца як параўнальны (як асталоп). А‑ ў гэтым выпадку пратэтычнае, або прэфіксальнае (параўн. рус. остолпие ’капітэль’, ст.-рус. остълпление ’каланада’). Гл. стоўб.

Асталява́цца ’абсталявацца, прызвычаіцца’ (Гарэц., Др.-Падб., Янк. Мат., Жд.). Утворана з прэфіксам а‑ і суфіксам ‑ява‑ на базе прыметніка сталы ’пастаянны’ (гл.).

Астанаві́цца ’спыніцца’ (Яруш.), рус. остановиться. Ужыта, відаць, пад рускім уплывам, але наяўнасць слоў станавіць ’ставіць’, станавіцца (БРС) дапускае, што бел. астанавіцца паралельнае ўтварэнне з прэфіксам а‑ ад згаданага дзеяслова. Астаноўка (Яруш.) хутчэй за ўсё з рус. остановка.

Аста́нкі ’прах’ (БРС), ’памінкі па нябожчыку’ (Бяльк.). Рус., укр. останки ’прах’, ст.-слав. останъкъ ’астатак’, балг., макед. останка (звычайна ў множным ліку) ’астатак; прах’; серб.-харв. о̀станак, славен. ostânek ’астатак’, ст.-рус. останъкъ ’астатак, спадчына’. Геаграфія і семантыка сведчаць пра магчымасць пашырэння пад стараславянскім уплывам (КЭСРЯ, 315); менш верагодна паралельнае паўднёва-ўсходнеславянскае ўтварэнне. Утворана ад дзеепрыметніка *останъ (КЭСРЯ), які да остати (гл. астацца). Адсюль жа і астанне ’астатак’ (Яруш.).