Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сі́нчык ‘сініца’ (Ян.), сі́ньчык ‘тс’ (ПСл), сінючо́к (навагр., Сл. ПЗБ). Гл. сініца1, сіньдзік.

Сінь ‘малады (малы) шчупак’ (ТС, Сл. Брэс.), сі́ніца ‘тс’ (Сл. Брэс.), сіню́к (Жд. 1, Дразд.), сінчу́к ‘тс’ (Мат. Гом.), сіня́ўка ‘тс’ (ТС, Янк. 2, Сцяшк. Сл.), сі́ні, сі́ненькі ‘тс’ (ТС). Да сіні (гл.), назва паводле цёмнага колеру. Параўн.: “для рыб характэрна… змена лускі на працягу жыцця — ад светлых таноў да больш цёмных” (Усачова, Слав. ихт. терм., 163).

Сі́ньдзік ‘сінічка’ (Янк. 1), сіндзік ‘тс’ (Янк. БП). Гукапераймальнае, ад крыку сінічкі зінь‑зінь або цінь‑цінь, параўн. ці́нькаць, ці́ньканне сіні́ц (ТСБМ). Булахоўскі (ИАН ОЛЯ, VII, 2, 113) лічыць, што слав. *sinica — гэта ўвогуле назва птушкі па яе крыку, якая потым падверглася народна-этымалагічнаму асэнсаванню і была збліжана з сіні. Гл. сініца.

Сі́ньцеж ‘сена, якое скошана па лёдзе, дрэннай якасці’ (Шат.). Відавочна, ад сіні ‘тс’, паводле цёмна-шэрага колеру, з суф. ‑еж; да суфіксацыі гл. Сцяцко, Афікс. наз., 36. Няяснае ‑ц‑; параўн. сіньцюга́ ‘верхняя вопратка з фарбаванага сукна’ (Нас.) < сіні з суф. ‑юг(а); дзе ‑ц‑, магчыма, пад уплывам іншых слоў, параўн. сіня́ціна ‘палатно сіняга колеру’ (Мат. Гом.), ‘тс’ і ‘верхняя вопратка з такога сукна’ (Нас., Касп.).

Сінь-по́рах ‘самая малая частка, парушынка’ (Нас.): ні сінь пораху (Сержп. Прык.), сюды ж, відаць, і сінь‑па́хъ — без значэння ў беларускім слоўніку Шымкевіча (Шымк. Собр.). Першая частка спалучэння можа ідэнтыфікавацца з слав. *sinь ‘чорны’ (гл. сіні), што захавалася ў фразеалагізме *sine za nogъtemь, пра якія гл. Толстой, Слав. языкозн. VII, 273–293. Другая частка захоўвае архаічнае значэнне ‘пылінка, парушынка’, гл. порах1.

Сіню́га ‘тоўстая кішка каля страўніка, кіндзюк’ (Бяльк.). Магчыма, запазычанае з рус. синю́га ‘тс’, дзе з’яўляецца тэрмінам мясаперапрацоўчай прамысловасці; зафіксавана ўжо ў 1852 г. (ССРЛЯ, 13, 843). Відавочна, ад сіні, паводле колеру.

Сіню́к ‘сініца’ (Янк. Мат., Сцяшк. Сл.), сіню́к сіні ‘Parus caeruleus, сініца’ (Ласт.). Да сіні (гл.). Параўн. назвы птушак ад таго ж кораня: укр. синя́к ‘дзікі шызы голуб’, польск. siniak ‘від дразда’ і інш., гл. сіняк3. Гл. таксама Антропаў, Назв. птиц, 355.

Сіню́ха ‘лучына з абалоны хвоі’ (Шат., Байк. і Некр.), ‘драўніна, якая ўтрымлівае мала смалы’ (чэрв., Сл. ПЗБ), ‘тонкія і вузкія дошчачкі (лучына) для тынкоўкі сцен’ (Нар. сл.), сіню́чына ‘тс’ (Бір. дыс.), сіня́к ‘горшы гатунак драўніны, не прыгодны для вырабу мэблі’ (Нар. сл.), сіню́шка ‘лучына пад тынкоўку’ (З нар. сл.), сі́ні ‘аб пацямнелых дошках’ (Ян.), сіні́ца ‘лучына з пасінелай драўніны’ (Мат. Маг.). Да сіні, таму што не насычаная смалой абалонка дрэва хутка набывае шэра-попельны колер.

Сіняво́д — нейкая расліна з паралельнымі назвамі конікі, чаравічкі (віл., Стан.). Параўн. укр. синьово́д ‘рагулькі, Delphinium L.’, якое па колеры і форме кветкі збліжаецца з синьово́д ‘птушка зімародак, Alcedo atthis L.’, што да си́ній і вода́ (ЕСУМ, 5, 239). Несумненная сувязь з сіні (гл.), спецыфічная форма кветак адлюстравана ў іншых назвах, што могуць нагадваць галаву воднай птушкі.

Сіня́к1 ‘грыб махавік жоўта-буры’ (гарад., дзятл., драг., Сл. ПЗБ; Жыв. сл.). Да сіні (гл.), паводле колеру, таму што грыб сінее на зломе. Параўн. таксама ўкр. синя́к ‘грыб Agarikus necator’, польск. siniak ‘грыб Boletus Cyanescens’ і г. д.

Сіня́к2 ‘лешч, Abramis brama L.’ (Жукаў), іншыя назвы — сіньга́, сіне́ц (Жыв. св.), параўн. укр. синя́к ‘верхаводка’, синьга́ ‘лешч’, рус. си́нька ‘верхаводка’, синьга́ ‘лешч’. Да сіні (гл.), колер рыб характарызуецца як “синеватый с зеленоватым отливом” (Каламіец, Рыбы, 27). Гл. таксама сінец.

Сіня́к3 ‘птушка попаўзень, Sitta europea L.’ (ПСл), іншая назва — сівы дзятлік (Жыв. св.), параўн. укр. синя́к ‘голуб, Columba oenas L.’. Паводле колеру апярэння, звычайна ‘цёмна-шэры’, параўн. сівак2 (гл.) і колеравую падмену ў сіваваронка/сіняваронка ‘сіваграк (ЛА, 1).

Сіняк4 ‘расліна Succisella Reck.’ (Кіс.), сюды ж сінякве́т, сі́ні цвет ‘расліна Echium vulgare L.’ (Кіс.), параўн. укр. синя́к ‘тс’, рус. синя́к ‘тс’. Да сіні (гл.), што абумоўлена звычайна колерам кветак.

Сіня́к5 ‘сіняя неўрадлівая зямля’ (Мат. Гом.), ‘балотная глеістая зямля’ (Сл. ПЗБ), ‘ворная неўрадлівая зямля на нізкім месцы’ (Сцяц.). Да сіні (гл.), параўн. сівак1 (гл.).