Сі́дар ‘мяшок’, ‘абед, які бяруць з сабой’ (Мат. Гом.), ‘заплечны мяшок або наогул усё тое, што вязеш з сабой’ (Ян.), ‘вялікая сумка, з якой арыштант вандруе па этапах’ (Наша Ніва, 1996, 2 верас.), сідор ‘клунак з ядою’ (Куч.). Паводле Барташэвіча (Rozprawy Slawistyczne, 1993, 7, 63 і наст.), рус. си́дор ‘мяшок’ ад уласнага імя Сидор < Исидор, параўн. больш матываванае ўкр. аргат. мі́хась, міха́лок ‘мех, мяшок’. Збліжэнне з уласным імем другаснае; з ідыш seder ‘святочная ежа, якую ў першыя дзве ночы Пасхі (пэйсаха) бяруць з сабой’, што з с.-гебр. seder ‘парадак’, параўн. Штэрн, Wörterbuch, 206. Рускае слова, хутчэй за ўсё, з беларускага сідар ці ўкраінскага сідор.
Сі́дка ‘гонка, выганка’ (бык., Яшк. Мясц.: сидка смолы и дегтю). Няясна. Магчыма, да сядзе́ць (гл.), што звязана з доўгім працэсам выганкі, тады з рус. си́дка ‘сядзенне’, паколькі зыходная форма з пачатковым сі‑, параўн. рус. сидеть, нехарактэрна для беларускай мовы.
Сі́длі ‘сеці для лоўлі птушак’ (Сцяшк. Сл.). З польск. sidło ‘пастка, сетка’, гл. сіло.