Сі́сля ‘абарваная нітка ў кудзелі’ (свісл., Шатал.). Ад ⁺свісля < дыял. формы дзеясл. звісаць. Параўн. балг. сисло́ ‘некалькі вінаградных гронак, якія пакінуты на лозах’ з аналагічным фанетычным змяненнем св > с; гл. БЕР, 6, 703.
Сістэ́ма ‘лад’, ‘сувязь элементаў паміж сабой, размешчаных у пэўным парадку’ (ТСБМ), сыстэ́ма ‘тс’ (Ласт., Некр. і Байк., Стан.). Запазычанне з заходнееўрапейскіх моў праз рус. систе́ма ‘тс’ ці польск. systema, system ‘тс’. У значэнні ‘нервовая сістэма’ з’яўляецца ў пачатку XX ст. (Крамко, Гіст. мовы, 2, 146). Франц. système з лац. systēma ад грэч. σύστημα ‘складанне, укладанне’; гл. Фасмер, 3, 628; Брукнер, 512; ЕСУМ, 5, 244.
Сісю́лькі ‘сукараткі (на нітцы)’ (мёрск., Сл. ПЗБ). Няясна. Ад звісаць? Суф. ‑юльк‑, як у вісюлькі ад вісець.
Сі́ся дзіц. ‘цыца, цыцка’ (Ласт.), сі́сі дзіц. ‘ссаць цыцку’ (КСП), сіся́ ў выразе (ведае, знае) курыную сісю дый тую не ўсю (Барад.), сі́ська ‘сасок’ (Нас., Касп.), ‘грудзі’, ‘сасок’ (Сл. ПЗБ), сі́ська, сіська́ ‘тс’ (ЛА, 1), а таксама сісе́тнік ‘дзіця, якога кормяць грудзьмі’ (Барад.); сюды ж, відаць, ‘матачнік, ячэйка, у якой расце матка’ (палес., Анох.), сы́ська ‘тс’ (Сл. Брэс.). Рус. си́са, си́ся, си́ська ‘сасок’, балг. си́са ‘сасок’, серб.-харв. си̏са, славен. sisa ‘жаночыя грудзі’. Прасл. *sysa, аддзеяслоўны дэрыват ад прасл. *sysati ‘ссаць’, роднаснага ссаць (гл.). Фасмер (3, 627) сувязь усх. і паўд.-слав. слоў лічыць няпэўнай і мяркуе аб познім узнікненні слова.