Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сіг ‘паўночная праснаводная прамысловая рыба сямейства ласасёвых’ (ТСБМ), сіга ‘падуст’ (басейн Нёмана, Жукаў). З рус. сиг, дзе вядома з 1563 г. (Шмялёў, ВСЯ, 5, 193; Чарных, 2, 160 — з пачатку XVI ст.). Паходжанне рускага слова спрэчнае. Большасць даследчыкаў схіляюцца да запазычання з прыбалтыйска-фінскіх моў, параўн. карэл, siiga, вепс. sīg, фін. siika, эст. siig, Р. скл. siia ‘сіг і розныя яго падвіды’ (Фасмер, 3, 617; Анікін, 494; Каламіец, Рыбы, 117–118; Папоў, Из истории, 72).

Сіга́ла ‘вялікая вязка рыбы’ (Сцяшк. Сл.). Магчыма, да сігаць (гл.) па тыпу нізала < нізаць, што, відаць, перадае перыядычнасць рухаў, параўн. сцябаць (гл.).

Сіга́ць ‘скакаць’, ‘бегчы, шпарка ісці шырокімі крокамі’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Др.-Падб., Гарэц., Байк. і Некр., Сцяшк., Жд. 1, Нар. сл., ЛА, 2), ‘імкнуцца, жадаць, дамагацца’ (Варл.), сігну́ць ‘ступіць’ (Нас.; карэліц., Сл. ПЗБ), сіг ‘крок, скок’ (Нас., Бяльк., Гарэц., Др.-Падб., Байк. і Некр.). Рус. сига́ть ‘скакаць’, сиг ‘скок’. Брукнер (490) адносіць сюды ж і польск. дыял. (у XVI ст. запісана як мазавецкае) sigać ‘кідаць’, а таксама ц.-слав. сиг ‘костка для гульні’ і серб.-харв. си̏га ‘stalactites’. Апошнія два прыклады няпэўныя, у іншых крыніцах не згадваюцца. Бліжэйшыя паралелі бачаць у ст.-інд. śīghráh̥ ‘хуткі, скоры’, ст.-англ. hígian ‘спяшыць, напружвацца, імкнуцца’; гл. Сольмсен, KZ, 38, 143; Майргофер, 3, 348. Іншая версія — ад *sęgati (гл. сягаць) з другасным ‑i‑, як гэта мяркуе Праабражэнскі (2, 248), менш верагодная, аднак для некаторых значэнняў тыпу лаг. sihać ‘дамагацца’ цалкам дапушчальная. Думку Расянена (FUF, 29, 198) аб запазычанні з чув. sik‑ ‘скакаць’, тур. säkmäk ‘тс’ Фасмер (3, 618) адвяргае з прычыны наяўнасці слова ў беларускай мове. Меркаванні Дабрадомава (Бел.-рус. ізал., 39) пра рускае і беларускае слова як булгарызм не пераконваюць.

Сіге́нь ‘скок, крок’ (Бяльк.), сіге́нь, сяге́нь, сігаве́нь ‘крок, паласа шырынёй у адзін крок’ (Яшк.), ‘вялікі крок’ (віц., Рам. 8). Да папярэдняга.

Сігна́л ‘умоўны знак’ (ТСБМ), сыгна́л ‘тс’ (Ласт., Некр. і Байк.). Новае запазычанне з рус. сігнал ‘тс’ ці польск. sygnał, што праз франц. signal або ням. Signal з сяр.-лац. signāle (< лац. signum ‘знак, сігнал’), гл. Фасмер, 3, 618; Брукнер, 528.

Сігнатурка ‘малы звон у касцёле, царкве’ (Я. Брыль). З польск. sygnaturka ‘званок’ ад лац. signāre ‘адзначаць’ < signum ‘знак’.