*Сіба́, сыба́ ‘няўжо’ (Сл. Брэс.), ‘хіба’ (драг., Ск. нар. мовы). Няясна; фармальна і па значэнні суадносіцца з хіба (гл.), пачатак слова пад уплывам займеннікавай асновы *s‑ (гл. сей, сі). Параўн. сіхібо (гл.).
Сібе́ль ‘сялява’ (асіп., Сл. ПЗБ), ‘назва рыбы’ (Ян.), сібель ‘верхаводка, Alburnus alburnus L.’ (Жук., Жыв. св.), укр. се́бе́ль, си́би́ль ‘тс’, рус. се́бе́ль, си́би́ль ‘тс’. Выводзіцца з *вьсебѣль, што да весь ‘цалкам’ (гл.) і белы; апошняе пацвярджаецца як навуковай назвай з лац. alburnus < albus ‘белы’, так і шматлікімі народнымі назвамі: укр. біли́ця, рус. бело́вка, польск. biela, чэш. bělice, славац. belička, славен. belíca і інш., а таксама нова-в.-ням. Weißfisch, грэч. όλόλευκοσ τάριχος (літаральна ‘цалкам белая рыба’), гл. Фасмер, 3, 587; Каламіец, Рыбы, 25; ЕСУМ, 5, 201. Выказанае меркаванне пра балтыйскае паходжанне назвы (Лекс. балтызмы, 11, 12) непрымальнае па фармальных прычынах (Анікін, Опыт, 274).
Сібе́рны ‘пранізлівы халодны (пра вецер); злы, буяны (аб чалавеку)’ (ТСБМ, Шат., Сцяшк., Нік., Жд. 1), ‘вялікі’: сіберны мароз (Пятк., Сержп. Прымхі, Жд. 2), ‘злосны, дрэнны’ (Жыв. сл.), сібі́рны ‘злы, жорсткі’ (Некр., Бяльк., Жд. 1, Скарбы), сібі́рка ‘сіберны, халодны вецер’ (Бяльк.), sibièrny ‘вылюдак, прыгнятальнік’ (Федар. 4), sibírnik ‘бандыт, крымінальнік’ (Варл.). Рус. смал., варонеж. сиби́рный ‘зверскі, злы’. Калі меркаваць па першым значэнні, то, відавочна, з сівер (гл.) пад уплывам Сібір у духу народнай этымалогіі.
Сібі́р звычайна м. р. ‘край за Уралам’ (Ласт., Стан.), Сібі́р, Сыбі́р ‘тс’ (Некр. і Байк.), Сібі́р, Сібе́р ‘тс’ (Янк. 1), сібе́р ‘пагібельнае месца’ (Шат.). З рус. Сиби́рь, ад назвы сталіцы ханства ў Прыіртышшы, якую выводзяць ад гунскага этноніма Σάβειροι (Праабражэнскі, 2, 282; Фасмер, 3, 616). Не выключана і польскае пасрэдніцтва, паколькі на карце польскага географа Антонія Віда (1542) паказаны горад Сібір на рацэ Абі (Фралоў, Всесоюзная конф. “Исторические названия — памятники культуры”. M., 1989, 89). Рамстэт (362) узводзіць назву да манг. Sibir, калм. šiwr̥ ‘зараснікі, сырая мясцовасць’, адкуль, у прыватнасці, ідуць назвы: тат. s̥ibir, табол.-тат. Sėbėr, Sėvėr і г. д., што вельмі няпэўна. У аснове назвы этнонімы сипыр (варыянты себер, сыбыр), si pyr (RÉS, 39, 190) — племя, што, згодна з паданнямі сібірскіх татараў, жыло на гэтай тэрыторыі. Усё няпэўна, гл. Анікін, 493–494 (з аглядам версій і літ-ры). Пра спробы звязаць паходжанне назвы з балг. шубра́к ‘хмызняк’ гл. Сімяёнаў, БЕ, 28, 50–52; Дурыданаў, Studia Etym. Brun., 3, 69–71.