Сіні́ца 1 ‘пеўчая птушка атрада вераб’іных са стракатым апярэннем’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), ‘птушка Parus maior L.’ (Меер Крыч., Арх. Федар., Пятк. 2, ЛП, Яшк. Мясц., Янк. 1, Сл. ПЗБ), ‘сініца’, ‘сіваграк’ (ТС), ст.-бел. синица: оӱпрѧм ꙗко синица (XVI ст., Карскі 2-3, 490). Укр. сини́ця, рус. сини́ца, чэш. дыял. sinice, серб.-харв. си́ница, дыял. сје́ница, балг. синѝца, макед. сеница ‘тс’. У сучаснай польскай мове слова невядома, але Брукнер (491) лічыць, што яно захавалася ў прус. sineco ‘сініца’. Большасць даследчыкаў (напр. Міклашыч, 295; Праабражэнскі, 2, 287; БЕР, 6, 661–663 і інш.) выводзяць ад сіні. Фасмер (3, 625) заўважае, што першапачаткова слова, відаць, абазначала разнавіднасць Parus caeruleus, гл. сінюк. Інакш Булахоўскі (ИАН ОЛЯ, VII, 2, 113), які лічыць, што птушка была названа па сваім крыку zifi; потым назва, паводле народнай этымалогіі, была пераасэнсавана і звязана з сіні; гл. таксама Скок, 3, 251; ЕСУМ, 5, 236. Параўн. сі́ньдзік ‘сініца’(гл.), а таксама рус. дыял. зи́нька ‘гайка, Parus minor’ (Даль), ярасл. си́нька ‘сініца-маскоўка’, што пацвярджае апошнюю версію.
Сініца 2 ‘ягада суніца’ (Тур.), ‘ягада’ (Янк. 2; вілен., Шн. 1). З суніца (гл.) пад уплывам сіні або з польск. sinica ‘тс’, якое таксама, паводле Варш. сл. (6, 115), з sunica.