Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Сыхыба́, сыхы́б ’хіба’ (драг., З нар. сл.). Гл. сіхібо́.

Сыць 1 ’сытасць, насычэнне’, да сы́ці ’ўволю, удосталь’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Юрч. Вытв., Федар. 4), сыць вам ’пажаданне тым, хто есць’ (Касп.), сыць Божа ’тс’ (ашм., Стан.), сыць ’укорм’ (Бяльк.), ’корм, страва, ежа; пажыўнасць’ (Ласт.), ’пералічэнне’ (Пятк. 2), ’спажыва’ (віл., Сл. ПЗБ), сы́це ’тук’, ’сытасць, укормленасць’ (Нас.), сы́цце ’харчовае задавальненне, смачная і пажыўная ежа’ (Нік. Очерки), ’насычэнне; тлустасць’ (Нас.), ст.-бел. сыть ’ежа, харч’: оставила от сыти своеи (Альтбаўэр). Укр. сить ’тлустасць; сытасць’, рус. сыть ’ежа, корм’, ’сытасць’, ст.-слав. сыть ’сытнасць’, до сыти ’дасыта, уволю’. Прасл. *sytь < *sytъ (гл. сыты), варыянт з чаргаваннем у аснове захаваўся ў славен. dósti ’даволі’, серб.-харв. dȍsti ’даволі, вельмі’, польск. dość ’дастаткова’, в.-луж., н.-луж. dosć ’тс’. Гл. досыць.

Сыць 2 ’расліна Cyperus L.’, сыць ілжывая ’асака, Carex pseudo-cyperus’ (Кіс.). Параўн. укр. дыял. сить ’расліна Cyperus L.’, рус. сыть ’тс’. Няясна; звычайна не адрозніваюць ад сіт, сі́тнік (гл.), параўн. укр. сіть ’сітнік, чарот’ (ЕСУМ, 5, 247). Гл., аднак, укр. дыял. сить ’ражкі, Claviceps purpurea Tul.’, якая мае на Палессі іншыя назвы, у тым ліку спары́ш ’тс’ (Лекс. Бел. Палесся), што дазваляе, насуперак ЕСУМ (там жа), звязаць назву з сыты (гл. сыць 1), г. зн. багаты; які дае павелічэнне, напаўненне і інш. Адносна апошняга гл. Выгонная, Лекс. Палесся, 74–76.

Сыч 1 ’птушка з сямейства сапраўдных соў’ (ТСБМ, Байк. і Некр. Федар. 4, ТС, Сл. ПЗБ), ’птушка Athene noctua Scop.’ (кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.); ’птушка Strix nyctea’ (Меер Крыч.), сы́чык памянці, (стол., Лексика Пол., Ласт.). Укр. сич, си́чик, рус. сыч, сы́чык, польск. syczek ’соўка-сплюшка’, чэш. sýc, sýczek ’віды соў’, славац. sýč ’сыч’. Праславянскі дыялектны дэрыват ад *sykati ’сыкаць’, параўн. іншую назву сіпе́ль (ад сіпець, гл.), але Фасмер (3, 821) старажытнасць слова лічыць сумніўнай, таму малаверагодная, на яго думку, роднасць з літ. šáukti ’крычаць’, лат. sàukt ’зваць’, а таксама з сава, як меркавалі Мюленбах-Эндзелін (3, 771–772), Петарсан (KZ, 47, 241). Атрэмбскі (Зб. памяці Раманскага, 72) параўноўвае з літ. suõkt, suõkia, suõke ’крычаць’. Праформу *sytjь узнаўляе Будзішэўска (Słown.), *sytʼь Марэш (Slavia, 1967, 366–369), аналагічна ЕСУМ (5, 248); *sy(k)ťь Лома (Огледна св., 68), у якім бачыць табуізаваную сувязь са ст.-інд. sūkta‑ < *su‑ukta ’добра спамянуты’. Гл. яшчэ Махэк₂, 598. Гл. таксама ціць.

Сыч 2 ’калок у вуллі, на якім трымаліся пляйстры з мёдам’ (ТС), ’клін, звужаная палоска’: сыч картопяль (Сцяц. Сл.), сычы́ ’сорт бульбы, скараспелка’ (Ян.). Укр. сич ’сук ад абламанай галінкі на ствале’. Паводле ЕСУМ (5, 248), магчыма, звязана чаргаваннем галосных з сук (гл.), аднак, відаць, не можа разглядацца асобна ад сычык, гл.

Сыча́ць ’шыпець, сіпець’ (ЛА, 1), сычэ́ць ’тс’ (Нар. Гом.). Гл. сыкаць.

Сычу́г ’адзін з аддзелаў страўніка жвачных жывёл’ (ТСБМ; б.-каш., ст.-дар., пін., Жыв. св.), сычу́к ’страўнік цяляці-сысуна’ (шуміл., Сл. ПЗБ). Укр. сичу́г ’тс’, рус. сычу́г ’тс’. Лічыцца запазычаннем з цюрк., параўн. куман. suzug ’кішка, вантробы’, кыпч. sučuk ’каўбаса’, тур. sudžuk ’тс’; гл. Фасмер, 3, 822 з аглядам літ-ры. Трубачоў (Дополн., там жа; ВЯ, 1960, 3, 68) узводзіць да рус. сы́тить ’сыціць, насычаць’ (гл. сыта), прыводзячы семантычныя паралелі ням. Lab, Labmagen ’сычуг’: laben ’цешыць, даваць асалоду’, асец. axsœn ’сычуг’, axsyn ’стварожваць’; сюды ж сычу́жны (сыр), сычу́жына ’сычужны фермент’.

Сы́чык ’скрутак лык’ (Бяльк., Сцяшк. Сл.; шкл., ЛА, 4), ’рухомая частка ў церніцы’ (Выг.), ’загваздка; жалезнае колца, што злучае “правіла” з задняй часткай воза’ (Арх. Вяр.), ’калок, які трымае пругло ў сілку на дзікіх качак’, ’трубачка, якую ўстаўлялі ў дзірку ў бочачцы пры наліванні гарэлкі ў кілішкі’ (ТС), сы́чыкі ’начоўкі з рылам для зліву вадкасці’ (капыл., Сл. ПЗБ), ’смажаная бульба’ (Сл. Брэс.). Разнастайны характар дэталяў з такой назвай звязаны з пераносам па функцыі, першаснае значэнне, відавочна, ’клін, стрыжань’, параўн. сыч 2, гл. Звязана чаргаваннем галосных з сукаць; апафанічныя ступені *sъk‑/*suk‑/*syk‑ ’скручваць, валяць, качаць’, аб якіх гл. Вірбат, Этимология–1980, 33–34.

Сычэ́ць. Гл. сычаць, сыкаць.

Сы́шчык ’тайны агент, шпіён’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ). Запазычана з рус. сы́щик ’тс’.