Сы́каць ’утвараць свісцячыя гукі’, ’выказваць сваё незадавальненне, злоснічаць’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Шат., Некр.; ашм., Стан.), ’шыпець (аб гусях)’, ’выказваць незадавальненне, пагражаць’ (Нас.), ’сіпець; наракаць’ (Сл. ПЗБ), ’пакрыкваць на старэйшых’ (Цых.), ’кідаць сярдзітыя рэплікі’ (Варл.), ’сіпець (пра гадзюку)’ (Некр., Варл., ЛА, 1), ’шыпець’, сы́кацца ’абараняцца пагрозлівым шыпеннем’ (ТС), сыча́ць ’сіпець, свісцець’ (Байк. і Некр.), сычэ́ць ’сыкаць’ (ТСБМ), сыча́ць, сыча́ті, сычэ́ты ’тс’ (вільн., беласт., драг., Сл. ПЗБ), сык ’сіпенне’ (Сцяшк. Сл.); сюды ж сы́кацень ’гад, змяя’ (ТС). Укр. сича́ти, си́кати ’шыпець, утвараць свісцячыя гукі’, рус. сы́кать, польск. sykać, syczeć, syknąti, в.-луж. sykać, н.-луж. sykaś, чэш. sykati, syčeti, славац. syčať, серб.-харв. сѝкати, славен. síkati, síčati. Прасл. *syčati і *sykati, гукапераймальнага паходжання; гл. Фасмер, 3, 817; Махэк₂, 548; Міклашыч, 335. Борысь (590) узводзіць да і.-е. гукапераймальнага элемента *sū‑, які адлюстроўвае сыканне; Шустар-Шэўц (2, 1384) параўноўвае яшчэ з *sik‑ (гл. сікаўка).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)