Сыса́к ’цяля, якое яшчэ ссе цыцку’ (Сцяшк. Сл.; беласт., Сл. ПЗБ). Вытворнае ад сысаць, ссаць. Няясныя адносіны да польск. дыял. sisiak ’конік (у дзіцячай мове)’, каш. sisk ’малады конік, жарабя (пяшчотная назва)’, якія Борысь (SEK, 3, 272) узводзіць да падзыўных слоў si! sis!, параўн. сі́-і-і.
Сы́ска ’соска’ (Касп., Сцяшк. Сл., Скарбы, Сл. ПЗБ), ’сасок’ (Сл. ПЗБ), сы́ська ’матачнік (у пчол)’ (Сл. Брэс.), сысо́к ’адростак для ўсмоктвання пажыўных рэчываў’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), сюды ж сы́саўка ’соска’ (ТС). Да сыса́ць ’ссаць’ (Сл. ПЗБ), што да прасл. *sysati, параўн. укр. сиса́ти, польск. sysać, славен. sísati, серб.-харв. си̏сати, балг. дыял. си́сам, макед. сиса, ст.-слав. сысати ’тс’, ітэратыва да *sъsati, гл. ссаць. Параўн. укр. сиса́к ’цыбук’, славен. sȋsek ’сасок (грудзей), соска’, серб.-харв. си̏сак ’хабаток (насякомых)’, ’носік’, дыял. сиска ’сасок (у вымені)’. Гл. Скок, 3, 244; Бязлай, 3, 238; Глухак, 549. Гл. таксама цыцка.
Сы́сла ’соска’ (Сцяшк. Сл., Мат. Гом.), сысо́лка ’тс’, ’лядзяш’ (Стан.), сюды ж сы́сліць ’смактаць’ (Сцяшк. Сл.). Гл. сусла; фанетыка, магчыма, пад уплывам папярэдняга слова.
Сысо́й ’цяля першага году’ (Сл. рэг. лекс.), памянш. сысо́йчык ’жарабя або цяля ўзростам да году’ (Сцяшк.). Да сыса́ць (гл. ссаць) з рэдкім суф. ‑ой, магчыма, націскным варыянтам да ‑ай, параўн. Сцяцко, Афікс. наз., 23.
Сысу́н ’цяля (жарабя і інш.) першага году’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, Цых.; ашм., Стан.; кобр., Ск. нар. мовы, Сцяшк.), ’дзіця, якое ссе цыцку’ (беласт., Саевіч, Derywacja). Суфіксальнае ўтварэнне ад сыса́ць, ссаць, гл. сыска.
Сысункі́ ’зябер, Galeopsis L.’ (бых., ЛА, 1). Да сысаць, ссаць (гл.), матывацыя звязана з наяўнасцю ў кветках салодкага рэчыва, параўн. іншыя назвы расліны: смактулькі, мядулькі, мядоўнік (Расл. св.).