Сіпе́ць ‘утвараць сіплыя гукі’, ‘гаварыць сіплым голасам’ (ТСБМ, Нас., Др.-Падб.), ‘шыпець’ (Сл. ПЗБ), ‘злавацца, сварыцца’ (маладз., Гіл.), ‘ціха шапацець (пра дробны дождж)’ (гродз., Сл. ПЗБ; гродз., З нар. сл.), ‘імжаць’ (гродз., лун., мазыр., ЛА, 2), ‘рассыпацца, раскісаць (пра снег)’ (ТС), сіпоцець ‘шумець, пеніцца (аб страве пры закісанні)’ (ТС), сіпа́ць ‘сіпець’ (ТСБМ, Шат., Бір. дыс.), сіпа́ты, сі́плы, сі́пы ‘сіплы’ (ТС), сіпа́ты ‘макраносы’ (калінк., Арх. ГУ), сюды ж назоўнік ст.-бел. сипанїе ‘шыпенне’: оукγсить змїе без’ сипанїа (Альтбаўэр). Рус. сипе́ть ‘сіпець’, укр. оси́плый, ц.-слав. остнѫти, польск. sipieć, чэш. sipěti, sípati ‘сіпець, хрыпець’, славац. sipieť ‘шыпець’, харв. sípiti, славен. sípati, sípljem ‘пыхкаць, фыркаць’, балг. оси́пвам, макед. осипнува ‘сіпнуць’. Гукапераймальнага паходжання; гл. Праабражэнскі, 2, 288; Фасмер, 3, 626. Параўноўваюць з лац. sībilus ‘свіст’, sībilō, ‑āre ‘шыпець, свістаць, асвістваць’, новаперс. siflīden ‘свістаць, шчабятаць’ (Вальдэ-Гофман, 2, 531 і наст.), з герм. *sip‑ ‘капаць, цурчэць’ (ст.-англ. sípisn, англ. seep, с.-в.-ням. sīfen, гал. sijpelen і інш., гл. Глухак, 548). Паралелі ў літ. šypauti ‘высмейваць, насміхацца’, лат. sĩpa ‘бура’ Фасмер (там жа) лічыць спрэчнымі.