Сіт ‘адна- і шматгадовая травяністая расліна сямейства сітавых, Juncus L.’ (ТСБМ, Кіс., Байк. і Некр.), сіта́ ‘тс’ (брасл., даўг., мёрск., Сл. ПЗБ), ‘чарот, Scirpus lacustris L.’ (Касп.), ‘сярэднеазёрная водмель, якая прыгодна для рыбалоўства і зарасла чаротам, сітняком’ (Яшк.). Рус. сит, сить, сита́ ‘чарот і іншыя балотныя расліны’, укр. сітня́г ‘від воднай расліны’, зборн. рус.-ц.-слав. ситникъ (XI ст.), ст.-польск. sit ‘чарот’, польск. sit, sitowie ‘чарот, сітнік’, каш. sit ‘чарот’, в.-луж. syće, syćina, н.-луж. syśe, syśina, ст.-чэш. sit, sítí, славац. sítina, серб.-харв. сит, си́та ‘чарот’, славен. sȋt, sȋta ‘тс’. Прасл. *sitъ, *sita ‘расліны Juncus, Scirpus’ звязана з сець, сіло́ (гл.), ад і.-е. кораня *sei̯‑ ‘плясці’, таму што ўсе гэтыя расліны выкарыстоўваюцца для пляцення. Гл. Махэк₂, 545; Мяркулава, Очерки, 43 і наст.; Фасмер, 3, 628; SEK, 4, 272. Роднасныя літ. siẽtas ‘вяроўка’, saĩtas ‘матуз, шнур’, лат. saĩte ‘завязка, матузоў, літ. siẽti ‘звязваць’, лат. sȉet ‘тс’; гл. Траўтман, 253; Мюленбах-Эндзелін, 3, 860; 637; Борысь, 549. Наяўнасць вытворных *sitъ, *sita, *sitnikъ (гл. сітнік), *setъ, паводле Мяркулавай (Этим. иссл. 6, 20), сведчыць пра існаванне дзеяслова *siti ‘плясці’. Меркаванні пра сувязь з сіта, сітавы (гл. наступнае слова), выказаныя Праабражэнскім (2, 290), знаходзяць падмацаванне ў ст.-ісл. sef ‘сітнік’ і ст.-англ. sife ‘сіта, рэшата’, ст.-в.-ням. sib, нова-в.-ням. Sieb ‘тс’.