Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Во́дляг ’наводмаш’ (Федар., 2, 159). Укр. відліг ’тс’. Ад адлягаць. Параўн. наводмаш, наводліў з аналагічнай структурай.

Во́дмель ’неглыбокае месца ў рацэ, возеры’ (БРС, Яшк., Інстр. I, КТС). Рус. о́тмель, укр. ві́дміль, ст.-польск. odmiel ’тс’. Прэфіксальнае ўтварэнне ад мель (гл.) (Юркоўскі, Ukr. hydrogr., 132).

Во́дпаведзь (БРС). Рус. о́тповедь, укр. одповідь, польск. odpowiedź, в.-луж. wotpowjedź, славен. vòtpovjeʒ, чэш. odpověď, славац. odpoveď ’тс’. Аддзеяслоўнае ўтварэнне (ст.-рус. отъповѣдѣти) пры дапамозе суф. ‑ь.

Во́дпаты, водпыты ’водведкі’ (КЭС). Аддзеяслоўнае ўтварэнне да адпытаць, як водведы (гл.), да адведаць.

Во́дпуск ’адпачынак, часовае вызваленне ад службы, працы’ (БРС, КТС). Запазычанне з рус. отпуск ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 148).

Во́дра ’адзёр’ (Янк. II, КЭС, Сцяшк. МГ, Шатал., КТС), ву͡одра ’тс’ (Бес.), во́дрыца ’экзема’ (Касп.). Рус. дыял. во́дрык ’хвароба накшталт воспы’, польск. odra ’воспа, адзёр’. З *obdьra, *obdьrica, якія ўтвораны ад асновы дзеяслова абадраць (*obьbrati) (Мяркулава, Этимология, 1970, 166–167). Сюды ж з іншай асновай: водар ’адзёр’ (Інстр. II) і іншай суф. водрык ’тс’ (Мядзв.). Параўн. адзёр.

Во́друб ’адасоблены ўчастак зямлі, які выдзяляўся ва ўласнасць асобных сялян з зямельнага ўладання сяла; хутар’ (БРС, Яшк.). Запазычанне з рус. отруб ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 41).

Во́дсеў ’адсяванне; поле, з якога зняты яравыя і па якому адразу сеюцца азімыя’ (Юрч., Яшк., КЭС). Рус. о́тсев, укр. ві́дсів, польск. odsiew. Аддзеяслоўнае ўтварэнне да адсяваць.

Во́дступ ’вольнае месца, якое пакідаецца ў пачатку радка рукапіснага або друкаванага тэксту’ (БРС); ’адкрытая прастора паміж лясамі, дварамі, будынкамі’ (Яшк.). Рус. о́тступ, укр. ві́дступ, польск. odstęp, чэш. odstup, серб.-харв. о̀дступ, балг. отстъп, макед. отстап. Аддзеяслоўнае ўтварэнне да адступіць.

Во́дшыб у выразе: жыць на водшыбе ’адасоблена, убаку’ (БРС, Шат.). Рус. отшиб, укр. відшіб. Да *адшыбіць (гл., напр., шыбаць); параўн. рус. отшибить, отшиб.