Наводліў ’наводмаш’ (ТСБМ), навотліў ’тс’ (калінк., З нар. сл.), наўотліў: «паганымі рукамі рву [завітку] наўотліў — направа ці налева, толькі не ўверх» (хойн., Полес. этнолингвист. сб. М., 1983, 100), навотляў ’наводліў, наводмаш’ (карэл., Нар. лекс.), навотляй (лях., Янк. Мат.), навотля, наотля ’наводмаш; наадварот, не так, як трэба; ад сябе’ (гродз., Сцяшк. Сл.), навотля, навотлю ’наводмаш; на адлегласці’ (Сл. ПЗБ). Сюды ж, відаць, навотвіль, наотвіль ’наводмаш’ (ТС), навотляг (стаўбц., Жыв. сл.), навотлях (слонім., Нар. лекс.), na wodlach ’тс’ (Федар. II, 159). Параўн. укр. навідлі, навідлів, навідліг, наодлів ’наводмаш’, польск. naodlew, na odlew ’з левага боку, левай рукой’. Існуе некалькі версій паходжання названага слова: ад ле́вы, параўн. польск. odlew ’з левай рукі, левай рукой; перан. махнуўшы рукой ад сябе, адным замахам’ (Варш. сл.), такой версіі адносна бел. навотліў, навотлю прытрымліваецца Шуба (Прыслоўе, 114), які лічыць іх прыставачна-суфіксальнымі; або ад ліць, як лічыць Брукнер (289), для польск. слова, г. зн. на‑(в)од‑ліў, як на‑(в)од‑маш (ад махаць), на‑(в)од‑шыб (ад шыбаць) і г. д. Не выключае, што тут мы маем справу з узаемаўплывам розных па паходжанні слоў, пра што можа сведчыць спецыфічнае для польск. odlew значэнне ’ад сябе, праз руку’, зафіксаванае ў слоўніку Ольгебранта (у т. зв. Віленскім слоўніку): lać do szklanki na odlew, што, відаць, адлюстроўвае праз т. зв. пальшчызну крэсову ўплыў беларускай мовы. У такім выпадку частка аднесеных сюды слоў можа мець іншае паходжанне: наводлег, навотлях ад легчы, ляжаць (< на‑од‑лег), навотвіль, наотвіль ад віляць і г. д. Улічваючы магічны сэнс розных кірункаў дзеяння (параўн., напрыклад, адліванне, адкідванне хваробы ў знахарскай практыцы), перш за ўсё з мэтай засцярогі («Серпа, косу откідалі от себе, ек грымело», ТС, 3, 280), а таксама недапушчальнасць з пункту погляду народнай этыкі наліваць каму-небудзь ад сябе (што павінна сведчыць пра злыя намеры), можна прыняць для наводліў другую версію. Параўн. таксама Журэк, JP, 57, 1977, 36–38 (польск. na odlew — пра замах шабляй з левага боку).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)