Маха́ць, мыха́ць, маха́ты, маха́тэ ’рабіць узмахі, рухі ў паветры’, ’хутка ісці’, ’хутка рабіць’, ’матаць нагамі’ (ТСБМ, Федар. 6, Нас., Бяльк., ТС, Анох., драгічынскае, КЭС; Сл. ПЗБ), ’хлусіць’ (Нас.), махацца ’сноўдацца, матляцца, церціся, мазоліць вочы, жыць сабе патроху’ (Нас., ТС). Укр. маха́ти, рус. махать, польск. machać, н.-луж. machaś, в.-луж. machać, чэш. máchati, славац. máchať, славен. máhati, серб.-харв. ма́хати, макед. мава, балг. махам, ц.-слав. махати. Прасл. maxati, утворанае ў выніку пашырэння суфіксам ‑x‑ асновы majati, роднаснай з літ. móti ’махаць, ківаць’ (як jexati з літ. jóti ’ехаць на кані’). Да і.-е. *ma‑ рухаць’ (Міклашыч, 180; Бернекер, 2, 4; Бязлай, 2, 161). Іншыя версіі гл. Фасмер, 2, 584 і БЕР, 3, 692–693.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)