Віля́ць ’махаць, хістаць, паварочваючы збоку’; ’рухацца па звілістай лініі’; ’ухіляцца ад прамога адказу, хітрыць, падманваць’ (Нас., КТС, БРС, Шат., КЭС, лаг.). Укр. виляти ’віляць (напр., хвастом)’; ’ухіляцца ад працы’; ’весяліцца, гуляць, ганяцца’, рус. варон., валаг. вилять ’зварочваць з дарогі’; ’гойсаць, шныраць, ухіляцца, пазбягаць каго-небудзь’; ’кідацца з боку ў бок’; ’ухіляцца з прамога шляху, хітрыць’, ви́ля ’нясталы чалавек, ветрагон’, польск. wilać ’махаць (хвастом)’, уст. wilać się ’віцца (аб дыме)’. Іншыя славянскія адпаведнікі семантычна звязаны больш з прасл. лексемай vila ’міфічная істота, фея, русалка’; ’вар’ятка’; ’вядзьмарка, чараўніца’, польск. wiłować ’шалець, вар’яцець, губляць галаву’, чэш. vilniti ’быць юрлівым’, ст.-чэш. vilovati ’дрэнна паступаць, распутнічаць’, макед. вилнее ’бушаваць, бясчынстваваць’, чым з віляць, ад якой яны фармальна адрозніваюцца. Таму можна дапусціць інавацыю ўсх.-слав. *виляти, якое, відаць, з’яўляецца роднасным ад літ. уст. vìlti ’здраджваць’ (Атрэмбскі, 2, 33), vilióti ’вабіць, падманваць, спакушаць’, apvìlti ’падманваць, расчароўваць’, vỹlius ’падман, спакушэнне, каварства’. Шанскі (1, В, 99); Пелікан (LF, 1929, 56, 244), Фасмер (1, 315), Брандт (РФВ, 18, 8), Младэнаў (66), КЭСРЯ (81) мяркуюць, што лексема з’яўляецца суфіксальным дэрыватам ад вилыи ’завілісты, пакручасты’ (< *вить і суф. ‑л‑). Петарсан (AfslPh, 36, 152) звязвае лексему вилять са ст.-інд. vḗllati ’хістаецца’, vēllitas ’хвалісты, гарбаты’, пракр. velli, vellā ’павеўная расліна’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)