Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сілкава́ць ‘карміць, падмацоўваць ежай’ (ТСБМ, Касп.), сілкава́цца ‘падмацоўвацца’ (Шат., Касп., Др.-Падб., Гарэц., Байк. і Некр., Сцяшк.); ‘пабірацца, харчавацца’: сілкавацца ласкавым хлебам (Сержп. Прымхі). Укр. силкува́ти ‘падмацоўваць’, силкува́тися ‘сіліцца, старацца, узмацняцца’ Ад *сілка, памянш. да сіла (гл.); параўн. укр. си́лка ‘тс’, силко́вий ‘дужы, моцны’.

Сілко́м ‘сілай; супраць волі, гвалтам’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Шат., Гарэц., Мал., Бяльк., Янк. 3.). Параўн. укр. силко́м ‘тс’, рус. силко́м ‘тс’. Паводле КЭСРЯ (409), рускае слова ад сило́к (гл. сіло), г. зн. Тв. скл. гэтага назоўніка, якое потым наблізілася да сіла (гл.). Аналагічна ўкраінскае і беларускае ўтварэнні. Параўн. сіло́м ‘сілаю’ (ТС), серб.-харв. силом ‘тс’, балг. си́лом ‘тс’, якія разглядаюцца як непасрэдныя ўтварэнні ад сіла (*sila), гл. БЕР, 6, 649.

Сіло́ ‘прыстасаванне ў выглядзе петляў для лоўлі птушак і дробных жывёлін’ (ТСБМ, Ласт., Шат., Бяльк., Др.-Падб., Байк. і Некр., Варл.; глыб., Сл. ПЗБ), ‘прывязка, якой прымацоўваецца біч да цапільна’ (карм., ДАБМ, камент., 829), ‘вуда’ (Байк. і Некр.), ‘пастка’ (Касп.), сіллё ‘з паляўнічай тэрміналогіі’ (Сержп., Грам., 57), ‘сіло’ (Бяльк.; мядз., Нар. сл.; Нар. лекс.), сіло́к ‘сіло’ (ТСБМ), сільё ‘тс’ (Арх. Федар., Сцяшк. Сл.), сіліё ‘сіло’ (Сл. ПЗБ), сіло́, шыло́ ‘тс’ (ТС), ст.-бел. сило: силомъ се ѡобесил (Карскі 2-3, 445). Укр. сило́, сильце́, рус. сило́, сило́к, си́лья, ст.-рус. сило, сильць, польск. sidło ‘тс’, чэш. osidlo, славац. osídlo ‘пастка’, ст.-слав. сило ‘пятля’. Прасл. *sidlo, дэрыват з інструментальным суфіксам ‑dlo ад кораня *sei‑ ‘звязваць’, параўн. сіліць, сіляць (гл.). Роднаснае да сетка і сіт, гл. (Фасмер, 3, 621; Махэк₂, 418; Праабражэнскі, 2, 286). Паралелі ў літ. ãtsailė ‘злучальная планка паміж дышлам і воссю’, atseilis ‘жалеза, якое ідзе ад шворана да восі’, лат. saiklis ‘завязка, саламянае перавясла’, ст.-в.-ням. seid ‘вяроўка’, ст.-інд. sinātі ‘звязвае’ і г. д. (Траўтман, 253; Мюленбах-Эндзелін, 3, 860; Майргофер, 3, 549). Паводле Борыся (544), слова ўтворана ад незахаванага славянскага дзеяслова *siti (< *su‑) з тым жа суфіксам.

Сілуме́ць ‘сваволіць’ (Сцяшк. Сл.). Гл. сіламоц.

Сі́лькаць ‘шморгаць’, сілька́ць ‘біць’, ‘хутка есці’ (Ян.), экспр. ‘есці’ (Мат. Гом.), сількану́ць ‘сербануць’ (жлоб., Жыв. сл.). Сюды ж варыянт з азванчэннем сільгану́ць ‘сцебануць’ (рагач., Сл. ПЗБ), сільга́ць ‘сцябаць’ (стаўб., Сл. нар. фраз.). Відаць, ад гукапераймання *сіль!, што перадае ўдар гібкім дубцом ці сёрбанне са свістам. Сувязь з сіляць (гл.), хутчэй за ўсё, другасная.

Сі́льны ‘дужы, моцны’ (Др.-Падб.), ‘моцны’, ‘пранізлівы’, ‘урадлівы’ (чэрв., лід., карэліц., Сл. ПЗБ), сі́лный ‘дужы, моцны’ (Бяльк.), ‘ураджайны’ (ТС), сэ́лны ‘тс’ (брэсц., Нар. лекс.), сі́льна, сі́лка, сі́нна ‘надта, вельмі’ (Сл. ПЗБ, ТС, Ян.; калінк., З нар. сл.), параўн. укр. си́льний, рус. си́льный, польск. silny, серб.-харв. си̑лан і г. д. Да сіла (гл.), у тым ліку ‘мноства, вялікая колькасць’.

Сіля́ўка ‘верхаводка’ (ТСБМ). Гл. сялява.

Сіля́ць ‘часта цягнуць сілом або вудаю, вудзіць’, ‘шмат браць, чэрпаючы’ (Нас., Байк. і Некр.), ‘есці’ (Бяльк.), ‘чэрпаць, браць’ (Мат. Гом., Пал., Янк.), ‘чэрпаць ваду’ (паўн.-усх., ЛА, 5), селя́ць ‘наліваць’, силя́ць ‘чапляць’ (Растарг.), ‘нанізваць’ (Гарэц.; чэрв., Нар. лекс.; Нік., Оч., Варл.), ‘удзяваць нітку або шнурок’ (Варл.); сюды ж сіля́ўка ‘нізка рыбы’ (лід., ЛА, 1). Укр. силя́ти ‘нізаць’, рус. силя́ть (рыбу) ‘лавіць сілом, якое прычэпліваецца да доўгай вуды’, польск. usidlić ‘злавіць сілом’, чэш. osidliti ‘сплясці сіло’, славац. zasídliť ‘перавязаць ніткай’. Да сіло (гл.), сіллё. Адносна значэння ‘чэрпаць’ параўн. рус. заси́лить ‘зачапіць канцом буча за што-небудзь, зачарпнуць’; гл. Праабражэнскі, 2, 286.

Сімаце́ць ‘мітусіцца’: нешта сімаціць у кустах (чэрв., Гіл.). Гукапераймальнае, да шамаце́ць (гл.)?

Сі́мвал ‘умоўнае абазначэнне, знак’ (ТСБМ), сы́мвал ‘тс’ (Ласт.), сымбо́ль ‘тс’ (Некр. і Байк., Стан.), ст.-бел. симболъ, симболъ ‘тс’. Крыніца запазычання грэч. σύμβολον ‘знак’, адкуль трапіла рознымі шляхамі: праз ц.-слав. символъ, параўн. серб.-ц.-слав. симъволъ ‘тс’, ст.-рус. символ (гл. Фасмер, 3, 623) або праз лац. symbolum, ст.-польск. symbol ‘тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 192).