Сі́ла ‘моц, энергія’ (ТСБМ, Ласт., Гарэц., Стан.), ‘верх, улада’ (Нас.), ‘моц, змога, дужасць’ (Некр. і Байк.), дыял. таксама ‘моц’, ‘мноства’ (Байк. і Некр.), ‘здароўе’, ‘праца’, ‘вялікая колькасць’ (Сл. ПЗБ), ‘шмат, багата’ (ТС, Барад., Мат. Гом.); укр., рус. си́ла, польск. siła, в.-луж., н.-луж. syła, чэш. síla, славац. sila, серб.-харв. си̏ла, славен. síla, балг. си́ла, макед. сила, ст.-слав. сила. Прасл. *sila роднаснае літ. síela ‘душа, дух’, ‘пачуцце’, ст.-прус. seilin В. скл. ‘пільнасць’, ст.-ісл. seilask ‘працягвацца, гнуцца, старацца’ (Траўтман, 282; Міклашыч, 296; Фасмер, 3, 621). Мур’янаў (Этимология–1980, 50–56) робіць спробу звязаць з слав. *sidlo ‘сіло’, ст.-в.-ням. silo ‘рамень’, з другой ступенню аблаўта герм. *saila > ням. Seil ‘шнур’, якія рэканструююцца з гоц. insailjan ‘спускаць цяжар (на вяроўках)’. Борысь (548) узводзіць далей да і.-е. *se(i)‑ ‘напружваць(ца)’, паводле Жураўлёва (Язык и миф, 577), ‘сеяць’, на падставе чаго рэканструюецца і.-е. *sḗila ‘сперма’. Гл. яшчэ БЕР, 6, 645; Сной і, 566; Глухак, 547.