Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сы́рамяць ’нядубленая скура, сырыца’ (ТСБМ), сырамя́тны ’зроблены з сырыцы’ (ТСБМ, Бяльк.), сы́раметны ’скураны’ (Касп.), сы́рамяць, сы́рмець, сы́рміць ’сырыца’ (Сл. ПЗБ), су́рамяць ’тс’, сурамя́тны ’зроблены з сырыцы’ (карэліц., Нар. лекс.), сырымыць, сыръмяць ’гужык у цэпе’ (кругл., маг., ДАБМ, камент., 829), су́рамятка ’раменная ці вяровачная частка пугі’ (стаўб., З нар. сл.), сурамя́ць, сурамя́зь ’сырамяць’ (Сл. ПЗБ), су́рметка ’папруга, повад з сырамяці’ (Сл. ПЗБ), сыро́мец ’вузкая палоска з нявырабленай скуры’ (Сцяшк.), сюды ж, відаць, сы́рамаць ’сырыя дровы’ (Мат. Гом.), сыромі́ть ’амаль дарма’: сыроміть оддала півня (кобр., Сл. Брэс.). Рус. сы́ромять ’сырыца’, сыромя́тный ’выраблены з сырыцы’. Да сыры і мяць (гл.), параўн. кажамя́ка (гл.) і адзначанае ў Даля (IV, 376) “кожа… выделанная очисткой и сильным мятьем”. Да значэння ’сырыя дровы’ параўн. сыромля ’тс’, гл.

Сырапе́ня ’кіслае малако’ (Касп.; барыс., Сл. ПЗБ; гарад., Нар. словатв.; віц., ЛА, 4), сырапе́ня, сырапі́ха ’тс’ (віц., Шн. 3), сырапе́ня, сырапо́ня ’толькі што ўкіслае малако’ (Барад.), сырапо́нь ’сыракваша’ (бярэз., Жд. 1), сырапо́ня ’кіслае знятае малако’ (Мядзв.), сырапонка ’тс’ (бых., ЛА, 4), сарапо́ня ’рэдкае недакіслае малако’ (полац., Нар. сл.), сурупо́ня ’кіслае малако’ (Мат. Маг.). Рус. пск. сыропы́ня, сыропы́ха ’сыракваша’. З сыр‑ (гл. сыры) і літ. píenas ’малако’. Лаўчутэ (Балтизмы, 56) мяркуе, што ў першым кампаненце адбылося другаснае набліжэнне да слав. *syrъ; першакрыніца ў лат. siera piens ’малако для сыра’, Р. скл. siera piena. Рускія дыялектныя словы, відаць, з беларускай (Анікін, Опыт, 284); змены ў другой частцы слова ў выніку дээтымалагізацыі.

Сырапо́сны: сырапосная нядзеля ’апошні тыдзень перад Вялікім пастом’ (Ян.). Параўн. укр. сиропу́ст ’тс’, сиропу́сний ’належны да гэтага перыяду’, рус. сыропу́ст ’запусты’, стараж.-рус. сыропустъ ’калі дазваляецца есці сыр і іншыя малочныя прадукты’, сыропустьныи ’звязаны з запустамі’, серб. сиропусна ’маслянічны тыдзень’, макед. сиропасна ’тс’. Запазычана са ст.-слав. сыропоустьнъ, што ўтворана ад сыръ і поустити ’дазволіць, дапусціць’, і калькуе грэч. ό τυροφάγος ’сырная’; паводле Німчука (Давньорус., 61), народнай назвай было стараж.-рус. масльнаꙗ недѣлꙗ. Збліжана да пост, посны, гл. таксама сырніца2.

Сы́расць ’вільгаць, волкасць, вільготнасць’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Юрч., Сл. ПЗБ), ’фрукты, гародніна’ (Юрч.), сы́росць ’вільготнасць’ (ТС), ст.-бел. сырость: смоква созрѣла въ сырости своеи (Альтбаўэр). Ад сыры (гл.) з суфіксам ‑асць (‑осць), што, побач са значэннем адцягненай прыметы ці стану, можа прыдаваць слову зборна-рэчыўнае значэнне (Сцяцко, Афікс. наз., 95).

*Сырахватам, сырохва́том (спячы) ’са свежага, непадышоўшага цеста’ (ТС). Прыслоўе ад сыры і хватаць, гл.

Сыр’ё ’ўсё наогул сырое’, ’не высахлае’ (Нас.), ’уся садавіна і тая гародніна, якую ядуць сырой’ (Варл.), ’сырыя дровы; садавіна, гародніна’ (Юрч. Вытв.). Зборны назоўнік ад сыры, гл.

Сы́рнік1 ’ежа з тварагу, падобная з выгляду на аладку’ (ТСБМ, Касп., Нік. Очерки), ’блін з тварагом’ (Ласт., Вешт.), рус. сы́рник ’тс’. Да сырны < сыр, гл.

Сы́рнік2 ’клінковы мяшочак, клінок (для прыгатавання сыру)’ (Сл. ПЗБ, Жд. 2, Сцяшк., Ян., Мат. Гом., Скарбы, Шатал.). Да сырны < сыр, гл.

Сы́рнік3 ’садавіна’ (Барад.). Да сыры́ ў спецыфічным значэнні ’зялёны, няспелы’.

Сы́рніца1 ’яда з сыру і топленага масла, спецыяльна прыгатаваная для мачання бліноў’ (ТСБМ), ’тварог з малаком, падрыхтаваны для доўгага захоўвання’ (віл., рас., Сл. ПЗБ; полац., Нар. сл.), ’парэзаны на кавалкі і залпы маслам сыр’ (мёрск., Нар. сл.; чэрв., Жд. 3). Да сы́рны < сыр, гл.

Сы́рніца2 ’апошні тыдзень перад вялікім ластам’ (Некр. і Байк.). Параўн. рус. сы́рная неде́ля ’тс’, балг. си́рна неде́ля. Вынік семантычнай кандэнсацыі да сыры́ < сыр, гл. сырапосны.

Сыро́ватка ’вадкасць з адтопленага або адстоенага кіслага малака’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Пятк. 1, ЛА, 4, Арх. Вяр., ТС), сы́раватка, сы́рватка, сарава́тка ’тс’ (Сл. ПЗБ), сы́раватка ’тс’ (Сцяшк., Жд. 2), сыро́вадка ’тс’ (Янк. 1; бых., Янк. Мат.), сы́равадка (Нас.), сы́рватка ’тс’, сы́ўрытка ’тс’ (Мат. Маг.), сыро́водка, сыро́вадка ’тс’ (ТС), сы́варатка (Сцяшк.) ’тс’, сырове́тка, сэрова́тка, сыро́вотка, сыро́ватка ’сыроватка’, ’суп на сыроватцы’, ’маслянка’ (Вешт.), сыро́вадка ’страва (суп) з сыроваткі і круп’ (Ян., ПСл; мазыр., З нар. сл.), сыро́ваднік ’тс’ (Ян.), сырова́тнік ’тс’ (Сл. Брэс.). Укр. си́ро́ватка, рус. сы́воротка, польск. serwatka, в.-луж. syrwatka, н.-луж. serowatka, чэш., славац. syrovátka, серб.-харв. су̏рутка, дыял. сирова́тка, славен. sírotka, балг. суро́ватка, дыял. сурва́тка, макед. сирутка. Прасл. *syrovatъka ўтворана ад прым. *syrovatъ ’сыраваты’ < *syrъ (гл. сыровы, сыры); Міклашыч, 335; Шустар-Шэўц, 1402; Бязлай, 3, 238; супраць Махэк₂ (599), які супастаўляе з лац. serum ’сываратка’. Формы тыпу рус. сыроводка Фасмер (3, 816) тлумачыць набліжэннем да вада; іншыя змены тлумачацца асіміляцыяй і метатэзай у асобных мовах (Куркіна, Этимология–1975, 175).

Сыро́вы ’нябелены (пра ніткі, палатно)’ (ТС). Гл. сыравы.