Сыравы́ ’свежы, незаквашаны (пра гуркі)’ (ст.-дар., Ск. нар. мовы), ’падбелены (пра палатно, ніткі)’ (Сл. ПЗБ; маст., Нар. скарбы; Ян.), сыро́вы ’тс’ (ТС). Параўн. укр. сирови́й ’сыры, вільготны’, ’нявыраблены, неадбелены’, ’негатаваны’, стараж.-рус. сыровыи ’сыры, вільготны’, польск. дыял. syrovy ’сыры, згатаваны; вільготны, нявысушаны’, каш. sërovi, srovi ’вільготны; сыры, негатаваны; няспелы’, чэш. syrový ’сыры, вільготны, халодны’, славен. дыял. sirọ̑v ’сыры, свежы; неапрацаваны, грубы’, серб.-харв. си̏ров ’сыры, свежы, зялёны, няспелы’, макед. сиров ’сыры, свежы, неапрацаваны; слабы, хворы’. Прасл. *syrovъ(jь)/*surovъ(jь) ’сыры, неапрацаваны; свежы; мокры’ ад прасл. *syrъ/*surъ ’сыры, неапрацаваны; няспелы; мокры, вільготны’ (SEK, 4, 265–266; Борысь, 587). Мяркуецца, што ўзыходзіць да і.-е. *sūr‑ou‑o‑s, метафарычна звязана з *syrъ ’кіслы, горкі, салёны’ (Глухак, 579), гл. сыр. Паводле Фурлан (Бязлай, 3, 343), прыметнікі на *‑оvъ утвараюцца ад назоўнікаў, што прадугледжвае стадыю субстантывізацыі зыходнай формы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)