Сыр ’харчовы прадукт, які робіцца з малака, што заквашваецца пэўным спосабам’ (ТСБМ), ’сыр дамашняга вырабу’ (Бяльк.; полац., Нар. сл.; Сцяшк., Сл. ПЗБ), ’тварожны сыр у форме кліна’ (Вешт.), ’тварог, тварожная маса’ (ТС, ПСл, Маш., Лекс. Бел. Палесся), ст.-бел. сыръ: молоко оу сыр твердыи стало (XVI ст., Карскі 2-3, 496). Укр. сир ’сыр, тварог’, рус. сыр, стараж.-рус. сыръ, польск. ser, в.-луж. syra ’малозіва’, н.-луж. sera ’тс’, чэш. sýr, славац. syr, серб.-харв. си̏р, балг. си́рене ’брынза’, дыял. (радоп.) сир ’застыўшы тлушч у форме посуду, у які ён быў наліты’, макед. сирење ’брынза’, ст.-слав. сыръ ’сыр’. Прасл. *syrъ — першапачаткова субстантываваны прыметнік *syrъ ’сыры, вільготны’ (гл. сыры) (Слаўскі, SP, 2, 18; Сной, 569), роднаснае літ. sū́ras ’салёны’, sū́ris ’сыр’, ст.-прус. suris ’тс’, ст.-ісл. súrr ’закваска’, ст.-ісл. sýra ’кіслае малако’, алб. hirrë ’сыроватка’; гл. Траўтман, 293 і наст.; Буга, РФВ, 75, 148; Мюленбах-Эндзелін, 3, 859–860; Фасмер, 3, 849 з літ-рай; Махэк₂, 599; Скок, 3, 242; Шустар-Шэўц, 1402–1403; Борысь, 541–542, ЕСУМ, 5, 241. Гл. сыры, суровы.