Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вар’і́раваць (БРС). Рус. варьи́ровать. Бел. слова, відавочна, запазычана з рус. мовы. Рус. варьи́ровать паходзіць (з XIX ст.) з франц. varier ’тс’ (і аформлена суфіксам и́ровать). Падрабязней гл. Шанскі, 1, В, 21.

Варкава́ць ’буркаваць’ (Яруш.), варкува́ць (Бяльк.). Дзеяслоў гукапераймальнага паходжання (*vъrkovati). Падрабязней аб яго прасл. сувязях гл. варката́ць.

Варката́ць ’мурлыкаць’ (БРС). Вытворныя ад яго: варкатня́, варкату́ння, варкату́н, варкату́ха, варко́цік (Нас.). Укр. воркота́ти, рус. дыял. воркота́ть, польск. warkotać ’бурчаць, мармытаць’, чэш. дыял. vrkotať ’буркаваць’. Прасл. *vъrkotati. Ад дзеяслоўнай асновы *vъrk‑ гукапераймальнага паходжання (гл. таксама пад ве́раск, верашча́ць) утвораны: прасл. *vъrkati, *vъrčati (< *vъrkēti) і далей *vъrkovati, ст.-рус. въркати, върчати, ц.-слав. връчати, рус. ворча́ть, воркова́ть, бел. варкава́ць, варча́ць, укр. воркува́ти, польск. warknąć ’забурчаць’, warczeć ’бурчаць, гыркаць’, чэш. vrkati ’варкаваць’, vrčeti ’бурчаць’, балг. връча ’шчабячу, шумлю’, серб. вр̏кати ’мурлыкаць’, вр́чати ’мурлыкаць; бурчаць’ і г. д. Ад дзеяслоўнай асновы *vъrk‑ быў утвораны прасл. назоўнік *vъrkotъ ’варкатанне, бурчанне, буркаванне’ (рус. дыял. во́ркот, чэш. vrkot і г. д.), ад якога ў сваю чаргу паходзіць новы дзеяслоў *vъrkotati: бел. варката́ць, укр. воркота́ти, рус. дыял. воркота́ть, польск. warkotać ’бурчаць, мармытаць’, чэш. дыял. vrkotať ’буркаваць’ і г. д. Не выключаецца, аднак, што *vъrk‑ot‑ati прама паходзіць ад *vъrk‑ati («узмацняльны» экспрэсіўны суфікс *‑ot‑ у дзеяслове). Параўн. падобныя гукапераймальныя ўтварэнні ў іншых мовах: літ. vẽrkti, ‑vìrkti ’плакаць’, ur̃kti ’гыркнуць’ (падрабязней гл. пад вераск). Гл. Фасмер, 1, 351, 356; Рудніцкі, 477; Брукнер, 602; Голуб-Копечны, 423; Махэк₂, 700; Траўтман, 353; Шанскі, 1, В, 163–164.

Варлаво́кі ’чалавек з вялікімі вачамі наверсе’ (полац., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), варлаво́кій ’касавокі’ (Грыг.). Ужо Грыгаровіч (там жа) параўноўваў з чэш. vrlooký ’блізарукі’ (адкуль?). Параўн. укр. вирлоо́кий ’лупаты’, вирла́тий (пра вочы) ’тс’, вирла́ч ’тс’. Магчыма, ад *vьrlo ’рычаг, дышаль’ (параўн. Краўчук, ВЯ, 1968, № 4, 131), так Рудніцкі (395). Паняцце «вірлавокі» можа перадавацца словамі са значэннем ’рычаг, дышаль і да т. п.’ Параўн. яшчэ чэш. bidlovojký (ад bidlo ’рычаг’). Сюды ж і верлаво́кі ’лупаты, касавокі’ (Др.-Падб., Гарэц., Нас., Лысенка, ССП), рус. дыял. (смал.) Варлео́ка ’аднавокая казачная істота’, варлео́кий ’аднавокі’. Іншую этымалогію ўсёй групы слоў прапанавала Куркіна (Этимология, 1970, 101).

Варня́цца ’марнець (адносна слабага чалавека)’ (КЭС); ’ледзь жыць, існаваць, вельмі мала працуючы па слабым здароўі ці па старасці’ (Янк. I, 46). Няясна. Няма адпаведнасцей у суседніх мовах.

*Варо́вана ’схованкі’: «Мы бу́дз’ам гул’а́ц’ у варо́вано» (Сцяшк. МГ). Параўн. і ўкр. варува́ти ’берагчы, вартаваць’. Усё да польск. warować ’сцерагчы, вартаваць, хаваць і да т. п.’ (< ням.; параўн. Брукнер, 601).

*Вароваць, варовать ’абумоўліваць’ (Гарб.). Ст.-бел. варовати (Булыка, Запазыч.). З польск. warować (Булыка, там жа), а гэта з ням. währen (гл. Брукнер, 601). Гл. вараваць.

Варо́жка ’варажбітка, жанчына, што займаецца варажбой, варожыць’ (Бяльк., Янк. III). Рус. дыял. воро́жка ’тс’, укр. воро́жка. Утварэнне суфіксам ‑к(а) ад дзеяслова варажы́ць (гл.), усх.-слав. *vorožiti, слав. *voržiti (параўн. і балг. вража́ ’чарадзейнічаю’, серб. вра̀жати, славен. vražíti, чэш. vražiti, польск. wróżyć). Гл. Рудніцкі, 478–479.

Варо́жы (БРС). Укр. воро́жий, рус. воро́жий. Утварэнне ад во́раг (гл.). Прасл. *vorgъ, *voržьjь. Гл. Фасмер, 1, 352; Рудніцкі, 478–479.

Варо́к (ворак) ’кашалёк’ (Яруш.); ’мяшок на грошы, капшук’ (Бяльк.). Укр. во́рок ’мяшок’. Ст.-бел. вор ’мяшок’, ворок, ворек ’тс’ (з XVI ст.; Булыка, Запазыч.). З польск. wór, worek ’тс’ (да этымалогіі; гл. Брукнер, 631).