Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ва́ха ’вахта, пост вайсковы’ (Сцяшк. МГ). Запазычанне з польск. wacha ’тс’ (а гэта з ням. Wache; гл. Брукнер, 598).

Вахка ’расліна капытнік балотны, Calla palustris L.’ (Кіс., Інстр. II). Запазычанне з рус. вахка (таксама і ў форме вахта) ’Menyanthes’ і ’Calla palustris’, а гэта з угра-фін. моў (параўн. фін. vehka). Падрабязна аб рус. слове гл. Мяркулава, Очерки, 37–38.

Вахла́к, вахля́к. Гл. вахля́ць.

Вахля́ць ’ляпіць, мазаць; рабіць што-небудзь на скорую руку’ (Нас.), рус. вахля́ть ’халтурыць, рабіць нядбайна’. Сюды адносяцца вахля́к ’слабасільны чалавек, вялы работнік’ (Нас.), вахля́й ’вялы, непаваротлівы чалавек’ (Нас.), рус. вахля́й. Далей сюды, бясспрэчна, адносіцца вахла́к ’вахлак’ (БРС); ’брудны, неахайны чалавек’ (КЭС), рус. вахла́к, вахляк ’дурань, нязграбны чалавек’. Фасмер (1, 280) лічыць рус. словы няяснымі.

Ва́хмістр, вахмістраваць ’вахмістр’ (БРС; параўн. і Нас.). Ст.-бел. вахтмистр (з XVII ст.; Булыка, Запазыч.). Укр. вахмістр, рус. ва́хмистр. Запазычанне з польск. wachtmistrz (а гэта з ням. Wachtmeister). Гл. Булыка, Запазыч., 58; Смірноў, Западн., 71; Гараеў, 40; Шанскі, 1, В, 27. Непасрэдным запазычаннем з ням. лічыць слова Праабражэнскі (1, 68).

Ва́хныль ’вухналь, цвік, якім прыбіваюць падкову да капыта’ (Бяльк.). Дыялектная змена слова вухналь ’тс’ (запазычанага з польск. ufnal < ням. Hufnagel; параўн. Брукнер, 592). Пры перанясенні націску на першы склад нібы «аднаўляецца» націскное «а» (якога там у рэчаіснасці ніколі не было).

Вахра́ жмут шэрсці’ (Нас.); ’кутасы ў хустцы’ (Бяльк.). Як думае Брукнер (гл. Фасмер, 1, 356), гэта — метатэза з во́рса ’ворс’. Супраць гэтага Фасмер (там жа). Няясна. Ці нельга думаць пра скарачэнне слова тыпу рус. дыял. вахрома́ ’бахрама’?

Ва́хта1 ’вахта, пост’ (Нас., БРС). Ст.-бел. вахта (з XVI ст.; Булыка, Запазыч.). Рус. ва́хта, укр. ва́хта. Запазычанне з польск. wachta < ням. (Гараеў, 40; Фасмер, 1, 280; Шанскі, 1, В, 27) або прама з ням. Wacht (Праабражэнскі, 1, 68).

Ва́хта2 ’хвалі на рацэ; кругі ад кінутага ў ваду прадмета’ (Сцяц.). Няясна.