Ва́жа ’гіра ў адзін фунт’ (Мат. Гом.). Да важыць.
Важае́ ’цуркі, рагі’ (Шатал.). Адзіночны лік *вожай < *вожжай з суфіксам ‑ай; вожж‑ < возж‑ (< *voz‑gj), якое звязана з вязаць; Параўн. рус. возжица ’нітка, шпагацік’. Важае́ — «нітачкі» вады ці поту.
Важа́ка ’важак’ (КЭС): «Важакаю быць — трэба з мядзведзем знацца» (Янк. БП). Да вадзі́ць, як рубака < рубіць. Да вагання ў родзе параўн. небарак, небарака.
Важа́ты 1 ’возчык сват на вяселлі, пасаду якога выконвае хросны бацька’ (Нас.). Да вазіць.
Важа́ты 2 ’кіраўнік піянераў’ (КТС). З рус. вожатый ’тс’. Пра апошняе гл. Шанскі, ЭИРЯ, I, 61–72.
Важґа́цца 1 ’прагінацца’ (гук ґ выбухны) (З нар. сл.): «кладка важгаецца». Да вага (?). Магчыма, кантамінацыя ва́жыцца ’вагацца, хістацца’ (Мат. Гом.) і вагацца. Параўн. рус. провеситься, серб.-харв. ва́гнути узважыць’ і ’прагнуцца’.
Важга́цца 2. Гл. важдацца.
Важда́й ’той, хто водзіць коні’ (Мат. Гом.). Магчыма, да ст.-рус. *vož‑a‑ti ’вадзіць’ (гл. Шанскі, 1, В, 128), суфікс ‑тай (як у гультай, ратай, рус. ходатай) з асіміляцыйным азванчэннем суфіксальнага ‑т‑.
Важдані́на ’занятак, які патрабуе шмат часу; турбота’ (КТС). Гл. важдацца.
Важда́цца ’займацца чым-небудзь, корпацца’ (БРС, Мядзв.), важгацца ’тс’ (Шат.), важданіна ’корпанне’ (КТС). Рус. возжаться, вожжаться ’вазіцца, быць у любоўнай сувязі’, важдаться ’тс’, важдать ’вадзіць, абняслаўліваць’, важдение ’хлусня’, важда ’марока, насланнё’, вожданина ’непатрэбная затрымка ў працы’, укр. ваджува́тися ’прывязвацца, прычэплівацца да каго-небудзь’. Варыянты са ‑жд‑, ‑жж‑, ‑зж‑, ‑зг‑ з’яўляюцца, відаць, вынікам экспрэсіўнага ўжывання дзеяслова і кантамінацый з ва́дзіць, прынаджваць, вазіцца і іншымі словамі. Слова важдацца таго ж паходжання, што і бел. вожка, рус. вожжи, польск. wodze, славен. vȏjka, г. зн. да *vodi̯a (Фасмер, 1, 332).
Важджы́на ’лейчына’ (Янк. Мат.). Ад формы мн. л. вожджы з суфіксам адзінкавасці ‑ін‑.
Важка 1 ’гіра’ (Касп.); ’фунтовая гіра’ (Інстр. III). Да важа (гл.).
Важка 2 ’цяжка’ (БРС, З нар. сл., Хрэст. дыял., Шпіл., Мат., Шн. Песні). Да важкі 1.
Важка 3 ’кудзеля, апрацаванае льняное валакно, прыгатаванне ў пралку’ (Касп.). Да ваг (гл.) з суфіксам ‑ьк‑.