Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ваг1 ’рычаг для падняцця цяжару’ (Клім.), вага ’ўмацаваная на сасе перакладзіна, якая служыць для даставання вады са студні’ (Юрч.); ’палка для ўскладання рознага цяжкага грузу на воз’ (Інстр. I); ’рычаг для падымання бярвення’ (Інстр. II). Да вага (гл.). Серб.-харв. ва̑г ’рычаг’ дазваляе меркаваць, што гэта значэнне з’яўляецца праславянскім.

Ваг2 ’від павіннасці пражай у час прыгону’ (Шатал.). Да вага. Форма м. р. можа быць вытлумачана ўплывам рус. вес.

Вага́ ’вага́; ва́гі; лоўкасць, сіла; важнасць’ (Шн. Песні, КЭС). Агульнаславянскае запазычанне са ст.-в.-ням. wâga, н.-в.-ням. Wage ’вагі’. Гэта пашыраная версія выклікае, аднак, сумненне, паколькі для запазычання са ст.-в.-ням. зашырокі арэал распаўсюджання слова ў славянскіх мовах, параўн. рус. вага, укр. вага, польск. waga, в.-луж. waha, н.-луж. waga, чэш. váha, славац. váha, макед. вага, серб.-харв. ва́гаты ’ўзважваць’. Да ўсходніх славян слова прыйшло, відаць, праз польскую мову (Фасмер, 1, 263) разам з шэрагам новаўтварэнняў на польскай глебе і польскіх ка́лек нямецкіх слоў (Брукнер, 598–599). На беларускай глебе зараз суіснуюць шматлікія словы з гэтым коранем, але рознага паходжання — запазычанні, калькі, уласнабеларускія ўтварэнні і інш.: важыць, адвага, раўнавага, разважлівы, вагар, важкі, важны, падвага, стальвага і інш. Запазычаннем з польск. (і далей са ст.-в.-ням.) лічыў бел. вага Карскі (Труды, 310; Белорусы, 151). Гісторыю слова гл. Булыка, БЛ, 11, 73–74. Параўн. Міклашыч, 374; Уленбек, AfslPh, 15, 492; Кіпарскі, Gemeinsl., 267; Праабражэнскі, 1, 99–100; Гараеў, 37; Клюге, 393; Фік-Торп, 383; Махэк₂, 674; Голуб-Ліер, 500; Шанскі, 1, В, 5; Рудніцкі, 1, 288–289; Скок, 3, 558–559; Кюнэ, Poln., 112.

Вагава́ць1 ’баранаваць’. Балтызм. Параўн. літ. vagóti ’баранаваць’, vagà ’баразна’ (Аткупшчыкоў, Лекс. балтызмы, 32).

Ваґава́ць2 ’будзіць, падымаць са сну’ (зламоўн.) (Сцяц.). Гук ґ выбухны. Указанне на тое, што слова ўжываецца зламоўна, дазваляе меркаваць, што перад намі перанос значэння вагаваць ’з цяжкасцю ўзнімаць’ (< ваг ’рычаг’) > вагаваць ’падымаць са сну’ > ’будзіць’.

Вагаві́к ’той, хто ўзважвае і размяшчае грузы ў залежнасці ад іх вагі на чыгунцы’ (КТС). Да вагавы.

Вагаві́ла ’вага ў студні з жураўлём’ (ДАБМ, 809). Параўн. вага ’ўмацаваная на сасе перакладзіна, якая служыць для даставання вады са студні’ (Юрч.). Да вагаваць ’карыстацца рычагом’, вагаваць > вагавіла на ўзор тачыць > тачыла.

Вагаві́ты ’які мае значную вагу’ (КТС): «малы нарадзіўся здаровы і вагавіты». Да вага.

Вага́лка ’гушкалка’ (З нар. сл.). Да вагацца ’качацца, гушкацца’.

Вага́льны (БРС), Калька з рус. колебательный на падставе суадносін бел. вагацьрус. качать, колебать.

Ва́гам ’марудна, павольна’ (З нар. сл., Юрч.); ’паволі, паціху’ (Бяльк.); ’раўнамерна, з вытрымкай; на вагу, на вазе’ (Гарэц.). Звязана з вага (гл.) і з той абстрактнай семантыкай, што развілася ў вытворных ад вага; параўн. разважліва, паважна і пад.

Вага́н1 ’драўляная міска’ (КСТ, КЭС). Вытворныя: вагане́ц ’начоўкі для пяску’, вага́нак ’коўшык’, вагано́к ’драўляная міска’ (КСТ). Рус. ваганки ’ночвы, карыта’, укр. вагани́ ’прадаўгаватая драўляная міска для яды; ночвы’, чэш. vahánek, славац. vahan, серб.-харв. ва̀ган ’драўляная міска; пэўная мера’, славен. vagàn, vagána. Запазычанне. Існуючыя версіі гл. Фасмер, 1, 264; Махэк₂, 675; Рудніцкі, 1, 289; Скок, 3, 559. Балгарскія этымолагі (БЕР, 1, 110–111, 221) лічаць, што *vaganъ — вынік метатэзы пры запазычанні італ. gavagno (параўн. балг. гаванка ’драўляная міса’).

Вага́н2 ’лаянкавае слова’ (КСП); ’высокі, здаровы чалавек’. Рус. ваган ’вахлак, мужык, селянін’, ваганиться ’гарэзаваць, гуляць, жартаваць’, ходить на ваган ’адлучацца без дазволу’, польск. wagant, чэш. vagant ’бадзяга’, славац. vagant ’бадзяга-студэнт’, серб.-харв. ва̀гант ’бадзяга’. У бел. мову слова трапіла з захаду (параўн., напрыклад, ням. Vagant), магчыма, праз польскую або непасрэдна з лацінскай. Ваган < *вагант, якое да лац. vagans, vagantis ’які бадзяецца’. Аб страце ‑т параўн. Суперанская, Вопросы культуры речи, 3, 1961. Гл. Махэк₂, 674; Надурская, JP, 1972, 1, 20.