Варава́ць1 ’абстаўляць умовамі, меркаваць’ (КЭС), варавацца ’насцярожвацца’ (КТС); ’асцерагацца, не асмельвацца’ (КПС); ’сцерагчыся, абавязвацца’, павароўвацца ’пабойвацца, асцерагацца’ (КЭС). Усе значэнні развіліся на падставе вараваць ’ахоўваць, зберагаць’, запазычання са ст.-в.-ням. warôn ’тс’, прадстаўленага ў большасці славянскіх моў: рус. варовать ’слухацца; захоўваць, абараняць’, ст.-рус. варовати ’тс’, укр. варувати, варовати(ся) ’тс’, ва́ра ’сцеражыся’, польск. warować ’умацоўваць; абумоўліваць’, чэш. varovati ’папярэджваць’, varovati se ’берагчыся’, славац. varovať ’сцерагчы; наглядаць за дзіцём’, серб.-харв. ва̏рати, варо̀вати ’ахоўваць’. Магчымасць шырокіх семантычных зрухаў пацвярджаецца аналагічнымі працэсамі ў іншых мовах; параўн. балг. ва́рам, ва́рвам (< серб.-харв.): ’ахоўваць > ахоўваць дзяцей > суцяшаць адцягваць увагу > ашукваць, хлусіць’ (БЕР, 1, 119). Гл. Фасмер, 1, 275; Рудніцкі, 1, 312; Брукнер, 601; Корбут, PF, 4, 515; Скок, 3, 565–566.

Варава́ць2 ’прытрымліваць плыт якарамі’ (КСТ). Да вараваць1. Магчыма таксама семантычнае запазычанне з польск. warować ’умацоўваць’.

*Варава́ць3, вароваць ’падсоўваць на сталюгах калодку пры дапамозе тапара’ (КСТ). Існуе вялікае гняздо слоў з гэтым коранем: рус. вор, во́ра ’плот, агароджа’, верать ’соваць, укладваць’, (за)вереть ’заперці’, вар, варок ’двор для скаціны’, бел. вур, ворйе, ворына ’плот з доўгіх жэрдак’ (Лучыц-Федарэц, Бел.-укр. ізал., 40), укр. вари́йка ’перакладзіна, якой закрываюць вароты’, ст.-рус. воръ ’плот’, польск. (za)wrzeć ’запіраць, закрываць’, чэш. otevřiti ’адкрыць’, балг. въвирам ’усоўваць, упіхваць’ і г. д. Гэта дае магчымасць узнавіць адзін з варыянтаў агульнаславянскага кораня да прасл. *vor‑ са значэннем ’(па)соўваць’. І.‑е. паралелі гл. Фасмер, 1, 273, 293, 350; БЕР, 1, 177–178. Там жа і літаратура.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)