Варката́ць ’мурлыкаць’ (БРС). Вытворныя ад яго: варкатня́, варкату́ння, варкату́н, варкату́ха, варко́цік (Нас.). Укр. воркота́ти, рус. дыял. воркота́ть, польск. warkotać ’бурчаць, мармытаць’, чэш. дыял. vrkotať ’буркаваць’. Прасл. *vъrkotati. Ад дзеяслоўнай асновы *vъrk‑ гукапераймальнага паходжання (гл. таксама пад ве́раск, верашча́ць) утвораны: прасл. *vъrkati, *vъrčati (< *vъrkēti) і далей *vъrkovati, ст.-рус. въркати, върчати, ц.-слав. връчати, рус. ворча́ть, воркова́ть, бел. варкава́ць, варча́ць, укр. воркува́ти, польск. warknąć ’забурчаць’, warczeć ’бурчаць, гыркаць’, чэш. vrkati ’варкаваць’, vrčeti ’бурчаць’, балг. връча ’шчабячу, шумлю’, серб. вр̏кати ’мурлыкаць’, вр́чати ’мурлыкаць; бурчаць’ і г. д. Ад дзеяслоўнай асновы *vъrk‑ быў утвораны прасл. назоўнік *vъrkotъ ’варкатанне, бурчанне, буркаванне’ (рус. дыял. во́ркот, чэш. vrkot і г. д.), ад якога ў сваю чаргу паходзіць новы дзеяслоў *vъrkotati: бел. варката́ць, укр. воркота́ти, рус. дыял. воркота́ть, польск. warkotać ’бурчаць, мармытаць’, чэш. дыял. vrkotať ’буркаваць’ і г. д. Не выключаецца, аднак, што *vъrk‑ot‑ati прама паходзіць ад *vъrk‑ati («узмацняльны» экспрэсіўны суфікс *‑ot‑ у дзеяслове). Параўн. падобныя гукапераймальныя ўтварэнні ў іншых мовах: літ. vẽrkti, ‑vìrkti ’плакаць’, ur̃kti ’гыркнуць’ (падрабязней гл. пад вераск). Гл. Фасмер, 1, 351, 356; Рудніцкі, 477; Брукнер, 602; Голуб-Копечны, 423; Махэк₂, 700; Траўтман, 353; Шанскі, 1, В, 163–164.