Во́раг ’непрыяцель, праціўнік’ (БРС, КТС, Нас., Бяльк., Шат., Касп., Яруш., Булг., Шпіл.). Рус. во́рог ’непрыяцель; нячысцік, чорт’, укр. во́рог, ст.-рус. ворогъ, ст.-слав. врагъ, польск. wróg ’непрыяцель’, чэш. vrah ’забойца’, славац. vrah ’тс’, балг. враг, серб.-харв. вра̑г, славен. vrȃg ’чорт, д’ябал’. Прасл. *vorgъ ’вораг’. Роднаснымі з’яўляюцца літ. var̃gas ’бяда, няшчасце, беднасць’, vérgas ’нявольнік’, лат. vā̀rgs ’няшчасны, хворы, убогі’; ’бяда, бедства’, vãrgt ’хварэць, чахнуць, быць няшчасным’, vęr̂gs ’нявольнік’, ст.-прус. wargs ’злы’, магчыма, і лац. urgeō ’напіраю, ганю’, гоц. wrikan ’праследаваць’, ст.-англ. wrecan ’выганяць, помсціць’, ст.-в.-ням. rehhan ’мсціць’ (ВальдэПокарны, 1, 319 і наст.; Траўтман, 342; Фасмер, 1, 352; Шанскі, 1, В, 164). Аналагічна Трубачоў (История терм., 176 і наст.), які выводзіць слав. vorgъ з і.-е. *u̯reg‑/u̯erg‑ ’гнаць’, г. зн. першапачаткова слав. слова азначала ’выгнаннік, адрынуты’ і толькі пазней — ’вораг, непрыяцель’. Па фанетычных прычынах памылкова супастаўленне Абаева (Осет. яз., 581) з асец. warz ’любіць’ (Трубачоў, там жа). Мала верагодна супастаўленне са ст.-ісл. wargr ’воўк, злачынец’ (Міклашыч, 395; Мікала, WuS, 2, 218) або разгляд слав. слова як запазычання з герм. (Махэк₂, 698), таму што герм. запазычана з слав. (Мартынаў, Лекс. взаим., 153 і наст.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)