Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Анталя́жы, антуля́жы, антыля́жы, ’карункі’ (КТС, Шат., Сцяц., Жд., Інстр. I), анталяжыны, анталяжыкі (КТС) праз польскую (Сцяц. Нар., 143) з франц. entoilage ’палатняная падшыўка’. У бел. з пач. XX ст. (Гіст. лекс., 243).

Анто́наўка ’гатунак яблык’, рус. антоновка ’тс’, этымалагічна яблыка з Антонавак; укр. антонівка. У рускіх слоўніках з 1843, з рускай у інш. слав. мовы (Шанскі, 1, А, 119). Патрэбна ўдакладненне месца, адкуль пашырыўся гатунак. Бел. антон (КТС) ’антонаўка’ ў выніку усячэння антонаўка па ўзору анісанісаўка.

Анты́хрыст ’супраціўнік Хрыста > бязбожнік > неміласэрны’; анціхрыст (Нас.), анчихрыст (Рам; Карскі 1, 363); ст.-бел. антихристъ (XVI ст. Гіст. мовы 1, 307). Ст.-рус. антихрьстъ, ст.-слав. антихрьстъ. Агульнаславянскае слова. У розных славянскіх мовах развіты пераносныя лаянкавыя адценні гэтага слова, амаль ва ўсіх народных славянскіх мовах сустракаюцца фанетычныя змены, напр., субстытуцыя ц/ч замест т, таму нельга катэгарычна сцвярджаць на аснове формы з анці‑ аб яе паходжанні праз рус. мову, а на анты‑ праз польск. Напэўна, тут пераход у народную мову з царкоўнай, у якой з ст.-грэч. Ἀντίχριστος (Шанскі, 1, А, 117).

Антэцэ́сар ’папярэднік’ (Нас.) паралельна ці праз польск. antecesor ’тс’ з лац. antecessor ’тс’ (< ante ’перад’ + cedo ’іду’). Гіст. мовы, 1, 257 (з 1615 г.), Гіст. лекс., 107.

Ану́ча. Рус., укр. онуча, ануча (для абварачвання ног), польск., славац. onuca, чэш. onuče, славен. onuča, vnúča, ст.-слав. оноушта ’сандалія’ (Старасл. сл.). Да праслав. *onutja; корань ‑u(t)‑ той жа, што ў абутак (гл.), параўн. літ. aũli ’абуць’ суфікс ‑ja, як у свяча. Прэфікс on‑ найбольш верагодна з і.-е. *an‑ (лац. an‑, грэч. ανα‑ і г. д.) ’на’ (Фасмер, 3, 142) або, што менш верагодна, з і.-е. *on‑ ’у’ (Мейе, Études, 2, 162), ці o‑ пры ўстаўным ‑n‑ (гл. Праабражэнскі, 1, 650); паводле Шанскага (КЭСРЯ, 223), утворана ад *onutь ’абутак’ < *onuti ’абуць’, гэтым аўтар імкнуўся паясніць паходжанне ‑t‑. Аб прычынах дээтымалагізацыі гл. Булахоўскі, Труды ИРЯ, 1, 173. Колесаў, ЭИРЯ, 5, 43–48: корань *nut‑ быццам паясняе семантыку анучы-абутку: ’тое, што не нацягваецца, а накручваецца’, што, аднак, не зусім ясна ў сувязі з няяснасцю кораня на славянскай моўнай глебе. Беларуская мова значна пашырыла семантыку слова ануча ад ’абутку’ на ’рызман, лату’, аналагічная тэндэнцыя заўважаецца і ва ўкраінскай; у іншых славянскіх мовах старое значэнне захоўваецца дакладней, хаця нідзе, здаецца, слова цяпер не азначае абутку. На новай семантычнай базе бел. анучнік ’гандляр анучамі; той, хто збірае ўтыль’ (Бяльк.).

А́нцік ’прыгожая дзяўчына, прыгожы хлопец’ (Бяльк.). Рус. смал. а́нтик ’лясун’. Калі гэтыя ўтварэнні звязаны (семантыка: ’спакуслівы, як лясун’), відаць, іх трэба звязаць з анціпка ’д’ябал’ (гл.). Іначай — ад рус. анти́к ’рэдкі’, ’чалавек незвычайны’ (ССРЛЯ); ’камея’ (Даль); рус. слова < франц. antique ’старажытны’ < лац. antiquus (Шанскі, 1, А, 118); параўн. антычны (Супрун, Веснік БДУ, 1971, 3, 73), але няясны перанос націску, як і пры атаясамленні з анці́пка; параўн. а́нціць ’гуляць’.

Анціліге́нт ’інтэлігент’ (Касп., КТС), народна-размоўнае пераафармленне пачатковага ін, вядомае і па іншых словах: індык > андык (Серб., 77), інтэ́рас, рус. интере́с < анцірэ́с (Мядзв.).

Анцімо́нія ’доўгая пустая гутарка’ (Бяльк.). Рус. антимо́ния (у выразе «разводить антимонию» — весці доўгую непатрэбную гутарку), фіксуецца з сярэдзіны XIX ст., смален. антимония ’хітрыкі’ (Дабр.). Форма анцімонія ўказвае на рус. паходжанне (Шанскі, 1, А, 115). Антымонія, магчыма, узнікла ў выніку метатэзы з антыномія або ў жаргоне семінарыстаў (Фасмер, 1, 79), або пад уплывам назвы нямецкай секты антыномаў, якія не лічылі патрэбным выкананне рэлігійных загадаў (слова antynom у гэтым значэнні вядома польскай мове XVI ст. — Sł. XVI w.). Аб магчымасці польск. пасрэдніцтва для бел. слова (пры метатэзе) БМ, 48. Менш верагодна Зяленін, РФВ, 54, 113: семінарская пераробка слова антифоны ’царкоўныя спевы з частымі паўторамі’, а тым больш Міхельсон (Рус. мысль, 1, 21) ад антымоній — хім. элемент, які, паводле падання, паволі атручваў манахаў нейкага манастыра. Параўн. назву сурмы: Antymon у польск. і шэрагу еўрапейскіх моў (с.-лац. antimonium, магчыма, з араб. *ithmid), адкуль і ўсх.-слав. назвы мінералаў антыманіт (БелСЭ) і інш.

Анці́пка1 ’нячыстая сіла’ (Рам. 8, 284). Укр. дыял. анти́пка ’д’ябал’. Паводле Рудніцкага, укр. назва чорта з уласнага імя Антип як табуістычная замена слова антихрист. Супраць Краўчук (ВЯ, 1968, 4, 121), які выводзіць гэту назву ад уласнага імя Ірада-Анціпы. Успенскі (Труды знак., 5, 487) лічыць рус. антипка ўтвораным як табуістычнае слова з Анісіфар; нельга выключыць, што анціпка — памянш. форма ад анцыпар, сувязь з якім наўрад ці можна выключыць. Параўн. анчутка.

Анці́пка2 ’роў, яр, яма’ (Рам., 9, 10). Магчыма, перанос з назвы нячыстай сілы анціпка1 на месца, дзе яна быццам бы знаходзіцца — яр.

Анцію́д(а) ’непаседа, благі чалавек’ (Касп.). Узнікла ў выніку кантамінацыі з Анціхрыст і Іуда, параўн. Юда. Магчыма, як табуістычная назва чорта. Рус. дыял. анчиюд (Пск. сл.) ’анціхрыст’.